БЕЛ Ł РУС

Вяртанне цяпла ў кватэры Мінска можа зацягнуцца да вечара. Гараджане апісваюць маштаб аварыі

19.01.2026 / 15:36

Эдвард Руткевіч

Вадохрышча ў 2026 годзе мінчукі запомняць надоўга: традыцыйныя студзеньскія маразы супалі з маштабнай камунальнай аварыяй. Раніцай 19 студзеня жыхары адразу пяці раёнаў сталіцы — Фрунзенскага, Маскоўскага, Цэнтральнага, Савецкага і Кастрычніцкага — выявілі, што іх батарэі астылі, а з кранаў знікла гарачая вада. І калі першапачаткова праблему абяцалі вырашыць да абеду, то бліжэй да сярэдзіны дня аптымізму ў камунальнікаў паменела.

ЦЭЦ 4 у Мінску. Фота: LookByMedia

Ад абеду да вечара: як мяняліся абяцанні

Першыя паведамленні пра збой пачалі з'яўляцца раніцай. На партале 115.бел прычынай адключэння было пазначана «спыненне абсталявання ЦЭЦ-4», а планавым часам аднаўлення паслуг значыўся прамежак 12:00—12:30. Гэта давала надзею, што кватэры не паспеюць выстудзіцца.

Паведамленне пра тэрміны ліквідацыі наступстваў аварыі, якое мінчукі бачылі на 115.бел раніцай. Фота з сацсетак

Аднак па стане на 13:00 сітуацыя змянілася. Цяпер служба 115 паведамляе, што вядуцца работы па «аднаўленні гідраўлічных параметраў пасля збою працы на ЦЭЦ-4», а тэрміны вяртання цяпла і гарачай вады ссунуліся на вечар.

Актуальныя тэрміны на сайце 115.бел. 

Новы планавы тэрмін: да 18:00 19 студзеня. У графе «Фактычны тэрмін» пакуль стаіць шматкроп'е, што можа азначаць, што вырашэнне праблемы можа зацягнуцца і да больш позняга часу.

Раней паведамлялася пра пашкоджанне цепламагістралі і абмежаванне руху транспарту па вуліцы Акадэміка Карскага, дзе быў густы туман ад пары. Відавочцы публікуюць таксама відэа з суседняй Школьнай вуліцы, якая зацягнутая густым туманам ад кіпеню.

Дзе ўжо мерзнуць?

Пакуль аварыйныя брыгады змагаюцца з наступствамі прарыву, сацыяльныя сеткі ператварыліся ў галоўную пляцоўку для абмену інфармацыяй. Карыстальнікі з розных куткоў горада праводзяць пераклічку, пацвярджаючы маштаб здарэння. Найбольш паведамленняў прыходзіць з буйных спальных раёнаў — Сухарава, Малінаўкі, Кунцаўшчыны і Каменнай Горкі.

«У Сухараве ўсё халоднае, нічога не здымаем».
«Малінаўка, няма ацяплення».
«Лебядзіны, таксама без гарачай вады і ацяплення».
«У нас у доме праблемы з ацяпленнем яшчэ з пятніцы пачаліся, у кватэрах +15 было… А ўначы падобна пачаліся прыколы, да раніцы дамавы чат ужо разрывала».

Галоўнае пытанне: навошта адключаць ваду летам?

Самай папулярнай тэмай для абурэння стала мэтазгоднасць штогадовых прафілактычных работ. Людзі не разумеюць, чаму яны вымушаны цярпець два тыдні без гарачай вады летам, калі гэта не гарантуе бесперабойнай працы сістэмы ўзімку, прычым менавіта ў самыя моцныя маразы.

«Бедныя людзі. Гэта яшчэ раз да пытання, што ж яны тэстуюць летам пры адключэнні вады».
«Грошы на планавыя праверкі летам, калі ваду адключаюць, скралі наўмысна. А такія вось аварыі потым вядома ж выпадковыя».
«Гэта ж каб не было ўзімку аварый, летам на два тыдні адключаюць ваду, правільна? Нічога не пераблытаў?».

Цярпець ці патрабаваць?

У каментарах разгарэлася сапраўдная баталія паміж дзвюма групамі карыстальнікаў. Адны заклікаюць не драматызаваць сітуацыю, нагадваючы пра цяжкія ўмовы ў іншых краінах ці ў мінулым, а іншыя настойваюць на тым, што ў XXI стагоддзі спажывец мае права на якасныя паслугі, за якія ён плаціць.

Прыхільнікі пазіцыі «не ныць», такія як блогер Андрэй JustFray, пішуць пра «цяплічныя ўмовы» беларусаў і форс-мажор:

«У Мінску, вядома, вельмі цяплічныя сацыяльныя ўмовы стварылі. Калі доўга жывеш у Грузіі, дзе праз дзень можа і святло, і вада знікаць раптоўна… Мінус 15 — ну якая гэта зіма, ну адключылі ацяпленне, сонейка, рамантуюць, усіх падрабязна апавясцілі».

«Людзі, вам не спецыяльна і не назло адключылі яго! Хопіць ужо ныць! Паверце, службы таксама хочуць хутчэй усё паправіць».

Іх апаненты парыруюць тым, што параўноўваць трэба з лепшым, а не з горшым:

«А нам усё роўна, што там у Грузіі. Навошта параўноўваць там, дзе горш? У Ісландыі, напрыклад, уся сістэма ацяплення і водазабеспячэння прадубляваная».

«Я, на жаль, вымушана цярпець, таму што альтэрнатывы няма. Але пры гэтым магу і буду выказваць сваю незадаволенасць нездавальняючай якасцю паслугі».

Падзяка рабочым і вадохрышчанскі гумар

Нягледзячы на спрэчкі і холад, многія мінчукі захоўваюць адэкватнасць і пачуццё гумару. Людзі разумеюць, што пакуль яны пішуць каментары ў цёплых кофтах, аварыйныя брыгады працуюць на марозе, спрабуючы вярнуць цяпло ў горад. Даволі часта гучаць падзякі простым рабочым:

«Па-сапраўднаму важныя інжынеры, слесары і рабочыя, якія выходзяць на працу ў гэтую марозную ноч… Дзякуй вам, людзям звычайных, але вельмі важных прафесій».
«Энергетыкі малайцы. Так, парвала. Бывае, што зробіш. А вось хутка ўсё рэанімаваць — гэта здымаю шапку».

Ну і вядома, сітуацыя не абышлася без іроніі. Мінчукі жартуюць, што камунальнікі занадта літаральна ўспрынялі традыцыі Вадохрышча і вырашылі зладзіць купанне проста ў кватэрах:

«ЦЭЦ-4 Мінск вырашыла ўсім зладзіць вадохрышчанскае купанне)))».
«А я цэлую ноч сніла, што недзе вада пераліваецца, а гэта ў батарэях журчала. Час паліць печкі».
«Вы разблакавалі ўспаміны з дзяцінства… Ці пачалі беларусы грэць цэглу?».

Застаецца спадзявацца, што прагнозы на 18:00 апраўдаюцца, і вечар святочнага дня жыхары пацярпелых раёнаў сустрэнуць у цяпле.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула