Лукашэнка: Еўропа зразумела, дзе іх шчасце
На фоне абвастрэння адносін ЕС і ЗША Аляксандр Лукашэнка заклікаў Еўрапейскі саюз пачаць супрацоўніцтва з Усходам, заявіўшы, што шчасце Еўропы знаходзіцца ў супольным з Беларуссю і Расіяй доме.
«Мы, вядома, не радуемся, што ў Еўропе праблем больш, чым у нас (гаворка пра моцныя снегапады і марознае надвор'е, тлумачыць Белта). І што яны нікуды не дзенуцца, каб купляць з Усходу газ. А не толькі з заходняга паўшар'я ў пяць разоў даражэй, чым Расія заўсёды прапаноўвала. Мы не радуемся. Але я, шчыра кажучы, задаволены тым, што, нарэшце, Еўропа зразумела, дзе іх шчасце. Задоўга да ўсякіх праблем, якія ў іх склаліся, публічна казаў аб тым, што месца Еўропы разам з намі, з Расіяй. Гэта наш дом, тут трэба шукаць шчасце», — сказаў ён.
«Не зразумелі [тады]. А калі і зразумелі, духу не хапіла і сіл, каб гэта рэалізаваць. Сёння ўжо Мерц [канцлер Германіі] заявіў аб тым, што трэба ўласную палітыку праводзіць, і калі амерыканцы ўвядуць пошліны, то яны гатовы адказаць ім вялікімі пошлінамі», — сказаў Лукашэнка.
«Можа быць, Еўропа, нарэшце, зразумела, што ёй трэба быць суб'ектам міжнародных адносін. Можа быць. Дай бог. Я не хачу, каб была канфрантацыя з амерыканцамі. Але Еўрапейскі саюз — гэта магутнае аб'яднанне, тэхналагічнае. Ну будзьце вы годныя таго, каб звацца Еўрапейскім саюзам, тут жа разумныя людзі жывуць. Велізарная колькасць людзей. Давайце супрацоўнічаць, што мы коса глядзім адзін на аднаго, — сказаў Лукашэнка. — Мы хочам быць не нейкай раздзяляльнай лініяй, мы хочам быць мостам паміж Усходам і Захадам, як заўсёды гэта было. Толькі нас [Беларусь і Расію] дзяліць не трэба. Нас ужо цяжка падзяліць. У абаронным плане мы з Расіяй тут як адзінае цэлае, і на нас глядзець асобна — на Беларусь, асобна на Расію — няма ніякага сэнсу».