У Рызе выявілі групу расейскіх інфарматараў з ліку грамадзян Латвіі, два з іх паспелі з'ехаць у Беларусь
У Латвіі арыштавалі сама меней трох чалавек, звязаных з так званай групай «Балтыйскія антыфашысты»: у яе межах дзейнічала сетка інфарматараў, якія збіралі і перадавалі спецслужбам Расеі інфармацыю аб перамяшчэнні вайсковай тэхнікі, аб украінцах і прыхільніках Украіны ў Латвіі. Яшчэ двое збеглі і атрымалі прытулак у Беларусі, піша «Свабода».
Як пішуць латвійскія выданні, арышты адбыліся дзякуючы дакумэнтам, атрыманым арганізацыяй расейскага апазыцыянэра Міхаіла Хадаркоўскага «Дасье Цэнтар» і перададзеным праграме «Nekā personīga».
«Матэрыялы паказваюць, што «Балтыйскія антыфашысты» — гэта ня проста група расейскіх заўзятараў. Яны спрабуюць трапіць на заводы па вытворчасьці дронаў у Латвіі, зьбіраць інфармацыю аб перамяшчэньні вайсковай тэхнікі і аб тым, хто робіць ахвяраваньні Ўкраіне ці ходзіць з украінскай сымболікай», — паведамілі ў тэлепраграме.
Аўтары таксама адзначылі, што расейскія інфарматары рыхтавалі сьпісы ўкраінцаў і прыхільнікаў Украіны, высьвятлялі іх пэрсанальныя зьвесткі і нумары машын, на якіх яны перамяшчаліся ў Латвіі, і перадавалі іх Расеі.
У Службе дзяржаўнай бясьпекі Латвіі паведамілі агенцтву LETA, што «група фізычных асобаў, якія называлі сябе «Балтыйскія антыфашысты», пачала расшыраць і каардынаваць дзейнасьць, накіраваную супраць нацыянальнай бясьпекі Латвіі, выкарыстоўваючы створаныя для гэтага групы сувязі на плятформе Telegram. Крымінальны працэс супраць гэтай групы пачалі ў лістападзе 2022 году.
Два ўдзельнікі групы — Тацяна Андрыец і Аляксандар Жгун — цяпер знаходзяцца пад судом у Латвіі. Іншыя — Сяргей Васільеў (называў сябе кіраўніком «Балтыйскіх антыфашыстаў») і Станіслаў Бакайнс — пасьпелі выехаць у Расею, а Вікторыя Матуле і Раман Самуль — у Беларусь.
Што вядома пра тых, хто выехаў у Беларусь
У публікацыях дзяржаўных СМІ Беларусі сапраўды згадваюцца імёны Вікторыі Матуле і Рамана Самуля.
Раман Самуль і ягоная жонка Вольга атрымалі ў Беларусі статус уцекачоў. Яны разам з маленькай дачкой, якая нарадзілася ўжо ў Беларусі, жывуць у сваім будынку, які купілі ў сельскай мясцовасьці. Але ў сваіх інтэрвію дзяржаўным СМІ яны не згадваюць назву вёскі, у якой жывуць.
Спачатку Раман пайшоў працаваць у калгас, а потым яго запрасілі працаваць пазаштатным журналістам у Белтэлерадыёкампаніі. Усе плянуюць неўзабаве атрымаць грамадзянства Беларусі.
У інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву БелТА Самуль паведаміў, што вымушаны быў выехаць з Латвіі, і пакуль у Беларусі вырашалася пытаньне яго легалізацыі, вельмі хваляваўся за сваю сям’ю, якую, паводле яго, «маглі выкарыстаць, каб выманіць яго назад».
У 2022 годзе ён удзельнічаў у выбараў у парлямэнт.
«Я ня столькі хацеў трапіць у палітыку, колькі хацеў, каб мяне пачулі. Я ішоў ад расейскага рэгіёну ў Латвіі — Латгаліі. І я казаў рэчы, якія ня вельмі папулярныя. Цяпер мне за гэта інкрымінуюць тры артыкулы. Ледзь ня ў здрадзе Радзіме абвінавачваюць», — расказваў Раман Самуль агенцтву БелТА.
Цяпер яго актыўна выкарыстоўваюць як сьведку, як нібыта кепска жыць у Эўропе, і ў прыватнасьці ў Латвіі, і наадварот, як добра жыць у сацыяльна арыентаванай Беларусі, у якой ёсьць усё для добрага жыцьця.
Вікторыя Матуле, як і Раман Самуль, таксама пасьпела выехаць з Латвіі ў Беларусь у 2022 годзе. Яна была адміністратарам аднаго з Telegram-каналаў «Балтыйскіх антыфашыстаў». Але ў Беларусі яна жыла менш за два месяцы, а потым усё ж выехала ў Расею.
Як яна расказвала ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ, яна трапіла ў поле зроку латвійскіх спэцслужбаў пасьля таго, як вырашыла ўскласьці кветкі 9 траўня да помніку вызваліцелям у Рызе. Паводле яе, за ёй сачылі і праслухоўвалі тэлефон.
«Я пачала баяцца, што да мяне таксама прыйдуць. Таму прыняла рашэньне ехаць у Беларусь, бо быў бязьвіз. І празь літоўскую мяжу я паехала, таму што, як высьветлілася пазьней, мае зьвесткі былі перададзеныя на мяжу. Калі я трапляю на мяжу Латвіі, то мяне перадаюць спэцслужбам адразу ж», — сказала Вікторыя Матуле.