БЕЛ Ł РУС

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці ДТЗ у Грозным: загінуў кіроўца аўто, у які ўехаў картэж Адама Кадырава

19.01.2026 / 09:39

Nashaniva.com

Увечары ў пятніцу, 16 студзеня, у Грозным адбылося дарожнае здарэнне з удзелам машын картэжу трэцяга сына кіраўніка Чачні — 18‑гадовага Адама Кадырава. Пасля аказання першай дапамогі яго з целаахоўнікамі тэрмінова эвакуявалі ў Маскву спецыялізаваным медыцынскім бортам МНС. Крыніцы «Новай газеты Еўропа» прыводзяць новыя дэталі аварыі. 

Адам Кадыраў. Фота: Kadyrov_95

У другой палове дня картэж Адама Кадырава, які ехаў на вялікай хуткасці па Старапрамыслоўскай шашы, сутыкнуўся з машынай, што выязджала на шашу з вуліцы Тасуева. Акрамя абмежаванняў хуткасці, распавёў «Новай газеце Еўропа» відавочца здарэння, кіроўца галаўной машыны картэжа праігнараваў і чырвоны сігнал святлафора на скрыжаванні Старапрамыслоўскай шашы і вуліцы Тасуева.

Пашкоджанні атрымалі адразу некалькі машын картэжу (яны не паспелі затармазіць і ўрэзаліся адна ў адну). Аднак мацней за ўсё пацярпела галаўная машына, у якой знаходзіліся сын Кадырава і трое яго целаахоўнікаў. За рулём машыны быў начальнік аховы 18‑гадовага Адама Кадырава — Апці Ірасханаў, пляменнік міністра МУС па Чачэнскай Рэспубліцы Аслана Ірасханава.

Усе чацвёра, уключаючы сына Кадырава, былі шпіталізаваны ў рэспубліканскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі імя Ханбіева.

У начальніка аховы Кадырава-малодшага Апці Ірасханава быў дыягнаставаны пералом пазванка шыйнага аддзела, у астатніх, уключаючы Адама Кадырава, — траўмы, якія не ўяўляюць пагрозы для жыцця (удары, парэзы твару і рук, а таксама нязначная страта крыві).

Тым не менш, улады рэгіёна прынялі рашэнне аб тэрміновай эвакуацыі Адама Кадырава і яго целаахоўнікаў у Маскву, для чаго быў задзейнічаны спецыялізаваны медыцынскі борт рэспубліканскага МНС. Гэты самалёт называюць «медыцынскім шпіталем» і выкарыстоўваюць для транспарціроўкі цяжкіх пацыентаў, якім патрэбна высокакваліфікаваная медыцынская дапамога.

Ні Адам Кадыраў, ні яго ахоўнікі ў такіх мерах і лячэнні, на думку крыніц, не мелі патрэбы.

Загінулы кіроўца

Паводле слоў аднаго з лекараў, якога працытавала крыніца выдання, «сын Кадырава і яго ахоўнікі больш пацярпелі ад падушак бяспекі ў сваіх дарагіх інамарках, а вось простым людзям у машыне, у якую яны ўрэзаліся з усёй дуры, пашанцавала менш».

Паводле даных «Новай газеты Еўропа», кіроўца, які знаходзіўся ў машыне, з якой сутыкнуўся картэж Адама Кадырава, загінуў.

Як распавяла крыніца «Новай газеты Еўропа» ў следчым камітэце Чачні, ні ўвечары ў пятніцу, ні на наступны дзень ДТЗ з удзелам Адама Кадырава не было зарэгістравана ў кнізе ўліку заяў аб злачынствах, аб адміністрацыйных правапарушэннях і здарэннях. «Хутчэй за ўсё, крымінальную справу, як заўсёды бывае ў такіх выпадках, заводзіць ніхто не дасць, гэта значыць расследавання і пакарання вінаватых зноў не будзе», — лічыць крыніца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула