Пераемніца Мадура фігуруе ў расследаваннях ЗША па наркагандлі
Часовая прэзідэнтка Венесуэлы Дэлсі Радрыгес, якую пасля захопу Нікаласа Мадура Дональд Трамп падтрымаў як пераходную фігуру, была пад пільным вокам амерыканскіх службаў.
Фота: Jesus Vargas / Getty Images
Радрыгес, якая пры Мадура была віцэ-прэзідэнткай, гадамі знаходзілася ў полі зроку Упраўлення па барацьбе з наркотыкамі ЗША (DEA), а ў 2022 годзе нават была пазначана як «прыярытэтная цэль» — гэты статус DEA пакідае за падазраванымі, якія, як мяркуецца, маюць значны ўплыў на гандаль наркотыкамі, паведамляе Associated Press.
DEA сабрала падрабязнае разведвальнае дасье на Радрыгес, мінімум з 2018 года, сярод абвінавачанняў у дасье — ад гандлю наркотыкамі да кантрабанды золата. У пачатку 2021 года Радрыгес нібыта выкарыстоўвала гатэлі на карыбскім курортным востраве Маргарыта «як прыкрыццё для адмывання грошай». ЗША даўно лічаць гэты курортны востраў стратэгічным вузлом для маршрутаў гандлю наркотыкамі ў Карыбскі басейн і Еўропу.
Таксама яе звязвалі з меркаваным «кашальком» Мадура Алексам Саабам, калумбійскім бізнэсменам, якога амерыканскія ўлады арыштавалі ў 2020 годзе па абвінавачванні ў адмыванні грошай.
Урад ЗША ніколі публічна не абвінавачваў Радрыгес у якіх-небудзь крымінальных злачынствах.
Дакументы, разгледжаныя AP, не тлумачаць дакладна, чаму Радрыгес была ўзведзена ў статус «прыярытэтнай цэлі». У ведамства ў любы момант ёсць сотні прыярытэтных цэляў, і наяўнасць гэтага ярлыка неабавязкова прыводзіць да прад'яўлення крымінальных абвінавачванняў.
Чытайце таксама:
Дырэктар ЦРУ правёў дзвюхгадзінную сустрэчу з новым лідарам Венесуэлы Дэлсі Радрыгес
Трамп сустрэнецца з лідаркай венесуэльскай апазіцыі
Трамп назваў сябе «выканаўцам абавязкаў прэзідэнта Венесуэлы»