БЕЛ Ł РУС

Як у апошнія дні з размахам пакалядавалі беларусы па ўсёй краіне ВІДЭА

18.01.2026 / 21:17

Nashaniva.com

Выглядае, што калядаванне штогод дадае сабе ачкі папулярнасці. У гэтым годзе, здаецца, хоць адна брыгада з Коз, Мядзведзяў, Ліс і Ваўкоў, але мела месца ў кожным горадзе Беларусі. Сабралі шэраг прыкладаў таго, як калядавалі беларусы на стары Новы год.

Калядоўшчыкі ў Ружанах. Скрыншот: тыкток

Адказна святкаваў Каляды беларускамоўны гурт Kas.band. З песнямі і ў нацыянальных касцюмах удзельнікі групы прайшліся па вуліцах свайго раёна, завітваючы ў розныя дамы, што рабілася прыемнай неспадзяванкай для іх жыхароў.

«У Ружанах і Пружанах Каляда ідзе», — гарэзна спявалі калядоўшчыкі з гэтага рэгіёна. Была ў іх кампаніі і Каза, і нават Святар, які сабраў у каментарах найбольш пазітыўных рэакцый.

Відэа ж калядоўшчыкаў паглядзела больш за 200 тысяч чалавек. Многія адзначалі, што беларусы сваімі танцамі і спевамі выдатна паднялі настрой.

У Мінску калядоўшчыкі адзначаліся крэатыўнасцю: так, на гэтым відэа Зайчыха паказвае, як сваімі рукамі стварала прыгожую, яркую зорку — з кардону і лямпы.

Тыя, хто не знайшоў сабе кампанію, не пасавалі: так, хлопчык у Жлобіне ў касцюме Лася пайшоў па кватэрах самастойна. Ды не з пустымі рукамі, а з рэпертуарам тэматычных песень.

Каментатары ў захапленні ад голасу хлопчыка, якога, як высветлілася, клічуць Багдан Семенчукоў, і ён прафесійна займаецца вакалам.

«Я думала, ужо ніхто не ходзіць з песнямі па дамах, у маім дзяцінстве хадзілі, шкада, традыцыі сыходзяць», — заўважыла адна з каментатарак. На што з ёй не пагадзіліся. І ў адказ даслалі ажно некалькі калядных інсцэніровак з Казой, якія ладзілі ў пад’ездах Віцебскай вобласці і дарослыя, і дзеці.

«Хай ваша шчодрая хата будзе заўсёды багата!» — пажадалі на развітанне калядоўшчыкі, напрацаваўшы на каўбасу для Козачкі.

З найбольшым размахам жа калядавалі раённыя цэнтры культуры. У Бялынічах нават санкі былі.

А вось так калядавалі маленькія беларусы і беларускі ў вёсцы Вяззе, што ў Асіповіцкім раёне.

А такой запомніцца Каляда бабруйчанам — з дрэсіраваным Мішкам, Казой і Конікам.

Часцей вобразы беларусаў-калядоўшчыкаў былі досыць традыцыйнымі, але некаторыя вылучыліся. Так, на Калядах у Гомелі на вуліцах горада можна было заўважыць Шрэка і Чартоўку.

Калядавалі і беларусы замежжа. Так, на польскае Падляшша для гэтага выправіліся цэлыя групы людзей, адна з іх уключала ў сябе прадстаўнікоў мужчынскага хору «Касары».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула