БЕЛ Ł РУС

«Ён у жахлівым стане». Адам Кадыраў трапіў у аварыю недалёка ад Дома ўрачыстасцей у Пуцінскім раёне

17.01.2026 / 13:47

Nashaniva.com

Ён мог урэзацца ў адбойнік, жыхары Грознага бачылі клубы дыму.

Пра падрабязнасці ДТЗ, у якое трапіў 18‑гадовы сын кіраўніка рэспублікі і сакратар Рады бяспекі Чачні, выданню «Можем объяснить» распавёў прадстаўнік апазіцыйнага руху (і аднайменнага канала) Niyso, які першым паведаміў пра аварыю ў Грозным.

Па іх словах, інцыдэнт адбыўся ў раёне рэстарана і Дома ўрачыстасцей «Сафія» на Старапрамысловай шашы. Гэтае месца знаходзіцца побач з праспектам імя Уладзіміра Пуціна, у Пуцінскім раёне. Дом урачыстасцей — элітны комплекс, які ў 2016 годзе адкрываў Рамзан Кадыраў. Галоўным інвестарам СМІ называлі набліжанага да ўладаў мільярдэра Руслана Байсарава.

«Асноўная версія на гэты момант — страта кіравання ў выніку перашкоды на дарозе і празмерна высокай хуткасці. Аўтамабілі ў картэжы пачалі сутыкацца адзін з адным. Хутчэй за ўсё, Адам ехаў першым», — распавядае суразмоўца выдання.

Паводле яго слоў, найбольш імаверна, што аўтамабіль урэзаўся ў адбойнік (агароджу), што і справакавала ланцуговую аварыю.

Суразмоўца «МО» перадаў паведамленні ад відавочцы з бальніцы: стан Адама пасля аварыі быў надзвычай цяжкі, і «яго было цяжка пазнаць».

У Niyso адзначаюць: тэрміновая эвакуацыя ў Маскву можа сведчыць пра сур’ёзнасць траўмаў.

З Грознага ў Маскву сапраўды выляталі некалькі самалётаў — у тым ліку джэт Кадырава і так званы лятучы шпіталь. «Вязуць туды, відавочна, з-за вялікай розніцы ва ўзроўні медыцыны. Нягледзячы на аповеды прапаганды, ні сам Кадыраў, ні іншыя прадстаўнікі рэжыму ў Чачні не лечацца», — падкрэслівае суразмоўца.

У атачэнні Адама, паводле інфармацыі Niyso, часта бываюць дзеці іншых высокапастаўленых чачэнскіх чыноўнікаў — у тым ліку з сем’яў Дэлімханава і Даудава. «Перасоўванне ў картэжы — гэта панты і адначасова пастаянны страх. Кадыравы і іншыя прадстаўнікі рэжыму разумеюць, што насельніцтва іх ненавідзіць, таму перамяшчацца як звычайныя людзі яны не могуць».

Як высветліў «МО», Адаму Кадыраву належыць асабняк плошчай 2 тысячы кв. м, размешчаны непасрэдна насупраць рэзідэнцыі кіраўніка Чачні. Яго кошт складае каля 750 млн рублёў (каля 10 млн даляраў). У 2025 годзе перад палацам Адама знеслі дом, які засланяў від на рэзідэнцыю бацькі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула