БЕЛ Ł РУС

Германія ўпершыню не прапусціла танкер расійскага ценявога флоту праз свае тэрытарыяльныя воды

15.01.2026 / 21:51

Nashaniva.com

Германія не дазволіла расійскаму танкеру Tavian прайсці ў Балтыйскае мора праз свае тэрытарыяльныя воды. Пра гэта паведаміла выданне Süddeutsche Zeitung.

Фота: Marinetraffic

Раніцай 10 студзеня федэральная паліцыя Германіі спыніла судна, якое ішло пад сцягам Камеруна, з-за падазрэнняў у фальшывай рэгістрацыі і выкарыстанні падробленага ідэнтыфікацыйнага нумара. У ходзе праверкі высветлілася, што гаворка ідзе пра 27‑гадовы так званы «танкер-зомбі», які за час эксплуатацыі змяніў ужо 13 назваў. Раней ён быў вядомы як Tia і Arcusat.

Танкер планаваў прайсці праз Балтыйскае мора ў Санкт-Пецярбург, дзе размешчаныя буйныя нафтавыя тэрміналы. Немецкія ўлады накіравалі да судна верталёт і запатрабавалі ў экіпажа дакументы з ідэнтыфікацыйнымі данымі. Праверка пацвердзіла парушэнні, і Tavian адмовілі ва ўваходзе ў нямецкія воды.

Пасля гэтага судна развярнулася на поўнач і, паводле звестак Starboard Maritime Intelligence, цяпер рухаецца ў бок Нарвежскага мора. Адтуль недалёка да Мурманска — яшчэ аднаго расійскага нафтавага порта.

Упершыню Германія звярнула ўвагу на Tavian у снежні 2025 года, калі танкер выходзіў з Балтыйскага мора. Тады ў нямецкай службе бяспекі суднаходства заявілі, што гэта першы зафіксаваны выпадак з’яўлення «танкера-зомбі» каля берагоў краіны. Аднак спыніць яго не змаглі, бо судна знаходзілася ў міжнародных водах. Пасля гэтага яно накіравалася ў бок Турцыі.

Паводле інфармацыі Kieler Nachrichten, танкер выйшаў з Прыморска з прыкладна 100 тысячамі тон расійскай нафты. Выданне адзначала, што тэхнічны стан судна вельмі дрэнны. Танкер быў пабудаваны ў 1998 годзе на верфі ў Паўднёвай Карэі для нямецкай кампаніі Reederei Nord і першапачаткова насіў назву Nordmark.

Чытайце таксама:

ЗША затрымалі ўжо шосты замежны танкер, звязаны з Венесуэлай

Трамп вырашыў захопліваць расійскія танкеры, бо Пуцін яго «стаміў»

Затрымаць сёння нафтавы танкер амерыканцам дапамаглі ўлады Венесуэлы. Трамп імі задаволены

У экіпажы затрыманага танкера расійскага ценявога флоту — 17 украінцаў

Каментары да артыкула