Зараз для атрымання пашпарта па ўзросце да 27 гадоў запатрабуюць даведку з ваенкамата
Важнае новаўвядзенне для тых, хто атрымлівае або абменьвае пашпарт ці пасведчанне кіроўцы, піша «Эканамічная газета».
Цяпер пералік дакументаў, якія грамадзянін Беларусі, што дасягнуў 14‑гадовага ўзросту, павінен падаць у Аддзел грамадзянства і міграцыі (АГіМ) для атрымання пашпарта, дапоўнены даведкай з вайсковага камісарыята або органа дзяржаўнай бяспекі аб дачыненні да вайсковага абавязку.
Такую даведку запатрабуюць ад усіх мужчын ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў (за выключэннем тых, хто аформіў пастаяннае пражыванне за межамі Беларусі і/або знаходзіцца на пастаянным консульскім уліку).
Выдаваць яе будзе вайсковы камісарыят (яго адасобленае падраздзяленне) або орган дзяржаўнай бяспекі — у залежнасці ад таго, дзе вайсковаабавязаны стаіць на ўліку.
Даведка выдаецца бясплатна на працягу аднаго рабочага дня і будзе дзейнічаць 6 месяцаў. Для яе атрымання неабходна падаць вайсковы білет (пасведчанне навабранца) або іншы дакумент вайсковага ўліку, а пры іх адсутнасці — дакумент, які засведчвае асобу, напрыклад, пашпарт.
Даведка з ваенкамата таксама спатрэбіцца пры:
- атрыманні ідэнтыфікацыйнай карткі, у тым ліку новай ID-карткі замест страчанай;
- абмене звычайнага пашпарта і ID-карткі;
- выдачы і абмене біяметрычнага пашпарта;
- выдачы і абмене пасведчання кіроўцы;
- аднаўленні права кіравання аўтамабілем пасля заканчэння тэрміну пазбаўлення;
- атрыманні дазволаў на набыццё цывільнай зброі.