БЕЛ Ł РУС

Іран закрыў сваю паветраную прастору

15.01.2026 / 8:5

Nashaniva.com

Іран выпусціў афіцыйнае паведамленне аб закрыцці паветранай прасторы для цывільных самалётаў. Выключэнне зроблена для міжнародных рэйсаў, якія накіроўваюцца ў краіну або вылятаюць з яе па спецыяльным дазволе, піша Бі-бі-сі.

Фота: Getty Images

Таксама паведамляецца, што Паветрана-касмічныя сілы КВІР і сістэмы супрацьпаветранай абароны Ірана прыведзены ў стан павышанай баявой гатоўнасці.

У той час як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп разглядае магчымасць вайсковай аперацыі супраць Ірана праз жорсткае падаўленне антыўрадавых пратэстаў, Пентагон скарачае колькасць персаналу на авіябазе Аль-Удэйд у Катары.

Паводле інфармацыі Бі-бі-сі, з авіябазы Аль-Удэйд выводзіцца таксама частка брытанскага вайсковага персаналу.

Вялікабрытанія таксама часова закрыла сваё пасольства ў Тэгеране — яно будзе працаваць дыстанцыйна.

Афіцыйныя асобы паведамілі CBS, што частковы вывад амерыканскіх войск носіць прэвентыўны характар.

Аль-Удэйд — адна з найважнейшых амерыканскіх вайсковых баз на Блізкім Усходзе; там пастаянна дыслакуюцца каля 10 тысяч вайскоўцаў і цывільных супрацоўнікаў.

Іранскія ўлады прыгразілі нанесці ўдары па амерыканскіх вайсковых базах у рэгіёне ў выпадку атакі ЗША. Пасол Вялікабрытаніі і ўсе супрацоўнікі дыпламатычнага прадстаўніцтва былі эвакуяваны на падставе ацэнкі сітуацыі і рашэння, якое аддае прыярытэт бяспецы персаналу, паведаміў прадстаўнік брытанскага ўрада.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула