БЕЛ Ł РУС

«Праспект Нежалезнасці» Мікіты Найдзёнава: жар, нахабства і шмат любімага Мінска

19.01.2026 / 8:0

Nashaniva.com

Эпатажны і таленавіты Найдзёнаў выдаў кнігу, які нагадвае сваёй палкасцю «Sex and the City» па-беларуску, — пра адносіны з будучай жонкай на фоне мінскіх лакацый. Пра зборнік расказвае Зося Лугавая. 

Паэт Мікіта Найдзёнаў. Фота з ягонай старонкі ў фэйсбуку

У чым Найдзёнаву не адмовіць, — гэта гранічная шчырасць. Калі вы раптам не ведаеце іх з жонкай гісторыі кахання, то ў агульных рысах усё адбывалася так: сустракаліся, пайшла да іншага, выйшла замуж (было добра і камфортна, але штосьці не тое), доўга мерылася разарваць і — нарэшце разарвала. 

Нават масты —
і тыя —
разводзяцца. 
Ты ўсё ніяк. 
Нібы нявольніца,
нібы бязвольніца, 
хоць і сцвярджаеш:
твая. 

Супраць фармальнасці,
супраць нармальнасці
сэрца маё
пратэстуе, глядзі!
Кажаш, 
усё яшчэ ў нас
атрымаецца.

Ай, не п**дзі. 

І тым не менш, гэта гісторыя з хэпі-эндам: героі цяпер разам, у шлюбе, і маюць дзіця. Праўда, беларуская рэчаіснасць дадала ў гэтую гісторыю такі паварот, якога б лепей там не было: у сакавіку 2023 года Мікіту арыштавалі, і ён прайшоў праз пекла. І гэтае расстанне прыпала на апошнія месяцы цяжарнасці жонкі.

Калі нічога гэтага не ведаць, то надрыў і любоўныя пакуты у зборніку «Праспект Нежалезнасці» могуць нават крыху раздражняць. Аўтар, я ўпэўненая, сам гэта ведае, таму і дражніць чытача, дадаючы ў якасці эпіграфа да зборніка: 

Так склалася, напэўна, гістарычна:
Паэт заўсёды трошкі істэрычка. 

Прыкладна такая ў Мікіты рэпутацыя яшчэ з часоў выкліку на паэтычны батл журы прэміі «Дэбют» 2016 года. Тады, нагадаю, маладога паэта не задаволіла рашэнне сябраў журы не прысуджаць прэміі нікому з шорт-лістараў (імі былі Анхела Эспіноса, Алесь Плотка і Мікіта Найдзёнаў), а ўсіх узнагародзіць суцяшальнымі грашовымі прызамі. Бо, маўляў, узровень у маладых паэтаў аднолькавы і выбраць роўнага сярод роўных не ўдалося. 

Паэт Мікіта Найдзёнаў. Фота: taubinpoetry.com

Але акрамя любоўных пакут маладога сэрца, «Праспект Нежалезнасці» — гэта яшчэ і кніга-настальгія па тым Мінску, якога ўжо няма. Гаворка нават не пра архітэктуру, а пра атмасферу і людзей. Зборнік увесь прасякнуты Мінскам:

Сядаць на дванаццаты, саракавы,
каб на Оперным выйсці…

Або:

Добра ўсё ж
папаліць на балконе ў дождж
ці няспешна прайсці 
ўвесь праспект Нежалезнасці
ўздоўж.

Аформіла зборнік таленавітая мастачка Лізавета Лянкевіч, вядомая афармленнем шмат якіх беларускіх кніг, у тым ліку такой беларускай класікі, як «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Баршчэўскага і «Новай зямлі» Коласа. На ілюстрацыях «Праспекта Нежалезнасці» — Оперны, Свіслач, парк Горкага і кола агляду, плошча Перамогі і вазы, якія перафарбоўваюць з жоўтага ў белы. Кавярні і музыкі ў пешаходным пераходзе, «Цэнтральная кнігарня» і кінатэатр «Цэнтральны». Такі вось настальгічны і метафізічны шпацыр па дарагім сэрцу горадзе. 

Модным, прыгожым
выходзіць з нагоды і без:
горадам,
з гонарам, 
Конарам
І гэтакім крокам
насустрач прыгодам,
якія даўно цябе
пасуць на Нямізе
ці недзе за Камароўкай.

Першы зборнік Мікіты Найдзёнава выходзіў у 2015 годзе. «Праспект Нежалезнасці» — пра жыццё паміж 2015 і 2020-м. Гэта бесклапотныя (з нашай сённяшняй званіцы) бадзянні па горадзе, любоўныя пакуты, рэфлексіі адносна творчасці і адносін, крыху ўспамінаў-разваг пра бацькоў, шмат нахабства і пазёрства. 

А яшчэ трэба сказаць, што Мікіта Найдзёнаў з тых нешматлікіх маладых беларускіх паэтаў, якія пішуць у рыфму. А тых, хто добра піша ў рыфму ў часы верлібраў, можна пералічыць па пальцах адной рукі.

Рыфмы Найдзёнава яркія, ягоны стыль — пазнавальны, нават унікальны. І «Праспект Нежалезнасці» выйшаў менавіта такі: дзёрзкі, яркі, запамінальны.

Людзям тонкай душэўнай арганізацыі
Цяжка знаходзіць дзэн.
У памяць усё ўразаецца
ад каланізацыі да каналізацыі.
І наўрад ці каму прызнаецца,
што сапсавала дзень.

Людзям простай душэўнай арганізацыі
ўсё да задніцы.

Мікіта Найдзёнаў. Праспект Нежалезнасці — Варшава: Янушкевіч, 2025

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула