БЕЛ Ł РУС

Брытанія абяцае вырабляць для Украіны новыя балістычныя ракеты з далёкасцю 500 км

12.01.2026 / 08:13

Nashaniva.com

Міністэрства абароны Вялікабрытаніі абвясціла, што мае намер узброіць Украіну сваімі тактычнымі балістычнымі ракетамі, якія пакуль яшчэ знаходзяцца на стадыі распрацоўкі, піша Бі-бі-сі.

«Злучанае Каралеўства распрацуе новыя тактычныя балістычныя ракеты, якія ўзмоцняць агнявую моц Украіны і яе здольнасць абараняцца ад пуцінскай ваеннай машыны», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ўрада, апублікаваным у нядзелю.

Гаворка ідзе пра балістычныя ракеты з далёкасцю больш за 500 км і баявой часткай масай каля 200 кг, пра распрацоўку якіх у межах «Праекта Закат» (Project Nightfall) Брытанія паведаміла летась. 

«Ракеты Nightfall можна будзе запускаць з цэлага шэрагу наземных платформаў, хутка выпускаць некалькі ракет запар і на працягу некалькіх хвілін адступаць — што дазволіць украінскім войскам наносіць удары па ключавых ваенных мэтах да таго, як расійскія сілы змогуць адказаць», — адзначаецца ў паведамленні.

У снежні Міністэрства абароны Вялікабрытаніі абвясціла конкурс на распрацоўку і стварэнне першых узораў такога ўзбраення.

Заяўкі прымаюцца да пачатку лютага, пасля чаго ў сакавіку тры абраныя кампаніі атрымаюць па 9 млн фунтаў стэрлінгаў, каб на працягу года стварыць ракеты, гатовыя да выпрабаванняў.

Затым Брытанія разлічвае вырабляць па 10 ракет у месяц, пры гэтым кошт кожнай, паводле планаў, не будзе перавышаць 800 тысяч фунтаў (1 млн 72 тысячы даляраў).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула