БЕЛ Ł РУС

Экс-палітвязня Ігара Карнея запрашаюць у Беларусь, каб вярнуць адзін рубель

10.01.2026 / 09:37

Nashaniva.com

«Могуць жа парадаваць, калі захочуць», — іранізуе журналіст.

Ігар Карней выйшаў на волю 21 чэрвеня і быў у складзе групы з 14 палітвязняў, што выдварылі ў Вільню. За кратамі ён правёў амаль тры гады

«Следчы камітэт запрашае ў сваё мінскае ўпраўленне, каб я мог забраць па ведамасці… 1 рубель. Не, ніякая не апіска: не 1000, не 100 і нават не 10. А менавіта 1», — напісаў Ігар Карней у сваім фэйсбуку.

«Пасля таго, як нагрузкай да асноўнага тэрміну ў якасці дадатковага пакарання ўляпілі 20 тысяч рублёў матэрыяльнай кампенсацыі, як карпатліва падлічылі страты «супрацьзаконнага ўзбагачэння» ад журналісцкай дзейнасці, як постфактум выставілі рахунак за каланіяльную робу і спажыты корм, як выкарыстоўвалі бясплатную нявольніцкую працу на пілараме ды медалупні — і раптам прызнаць памылку ў падліках! Такое пасыпанне попелам дарагога вартае», — піша журналіст.

Ён зазначае, што цэлы фінансава-эканамічны аддзел упраўлення СК РБ па Мінску, змарнаваўшы год пасля прысуду — адпаведна, выдаткаваўшы на адраснае расследаванне кругленькую суму — агучыў беспрэцэдэнтны вердыкт, заняўшы бок палітвязня.

«Мала за тое — на «вы» ды яшчэ з вялікай літары: «Денежные средства в сумме 1 бел. руб. подлежат возврату Вам по принадлежности». Пасля гэтага яшчэ паўгода паперка дзесьці боўталася па бюракратычных шуфлядах, пакуль у мяху Святога Мікалая пад Каляды не апынулася ў паштовай скрынцы на Сухарава). Чаму ажно 1 рубель, а не 10 капеек? Адкуль падобныя шчодрасці? Які ведамасны алхімік варажыў над разлікамі? У логіку «фінансавай амністыі» не хочацца нават і заглыбляцца, усё роўна простым смяротным не зразумець. Затое яскрава ўяўляецца вядомы кінаперсанаж, які за рубель на апахмелку «не забудзіць, не прасціць»). Вось і я пасярод дылемы: як разарвацца паміж запрашэннем і выдварэннем», — пытаецца Ігар Карней.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула