БЕЛ Ł РУС

У Іране падчас пратэстаў загінулі ўжо больш за 50 чалавек

10.01.2026 / 8:20

Nashaniva.com

У пятніцу пратэстоўцы выйшлі на вуліцы іранскіх гарадоў ужо трынаццаты дзень запар, нягледзячы на пагрозы ўладаў ужыць жорсткія меры і паведамленні пра тое, што за мінулыя суткі сілавікі адкрывалі агонь і забівалі дэманстрантаў. Падчас пратэстаў загінулі больш за 50 чалавек, паведамляе Reuters.

За 13 дзён пратэстаў у Іране, выкліканых гневам супраць рэжыму і ростам кошту жыцця, загінуў больш як 51 пратэстовец, паведаміла ў пятніцу нарвежская праваабарончая арганізацыя NGO Iran Human Rights.

«Прынамсі 51 пратэстовец, сярод якіх дзевяць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, загінулі, а сотні атрымалі раненні на працягу першых трынаццаці дзён новага раўнду агульнанацыянальных пратэстаў у Іране», — паведаміла NGO Iran Human Rights, павялічыўшы папярэднюю лічбу ў 45 чалавек, агучаную днём раней.

У той жа час іранская праваабарончая арганізацыя HRANA заявіла ў пятніцу, што зафіксавала як мінімум 62 смерці, у тым ліку 14 супрацоўнікаў сіл бяспекі і 48 пратэстоўцаў.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, якіна мінулым тыдні папярэдзіў Тэгеран, што ЗША могуць падтрымаць пратэстоўцаў, у пятніцу выступіў з чарговым папярэджаннем, заявіўшы: «Лепш не пачынайце страляць, бо мы таксама пачнём страляць».

«Я проста спадзяюся, што пратэстоўцы ў Іране будуць у бяспецы, бо цяпер гэта вельмі небяспечнае месца», — дадаў ён.

У тэлевізійным звароце вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі паабяцаў не адступаць, абвінаваціўшы дэманстрантаў у тым, што яны дзейнічаюць у інтарэсах апазіцыйных груп за мяжой і ЗША, а пракурор пагражаў пратэстоўцам смяротным пакараннем.

Міністэрства інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій Ірана заявіла, што рашэнне аб адключэнні інтэрнэту было прынята «кампетэнтнымі органамі бяспекі з улікам цяперашняй сітуацыі ў краіне».

На відэа, апублікаваных дзяржаўным тэлебачаннем, паказваліся, як сцвярджалася, палаючыя аўтобусы, аўтамабілі і матацыклы, а таксама пажары на падземных станцыях метро і ў банках.

На відэа было відаць сотні людзей, якія пратэставалі ў Тэгеране. На адным з іх было чуваць, як жанчына крычала: «Смерць Хаменеі!».

Іншыя лозунгі ўключалі заклікі ў падтрымку манархіі, зрынутай у 1979 годзе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула