БЕЛ Ł РУС

18‑гадовы беларускі футбаліст перайшоў у склад лідара чэмпіянату Польшчы

8.01.2026 / 9:5

Nashaniva.com

Мацвей Бахно будзе гуляць за «Віслу» з Плоцка.

Сын былога галоўнага трэнера «Граніта» з Мікашэвічаў Валерыя Бахно Мацвей з 11 гадоў жыве з бацькамі ў Польшчы. Ён займаўся ў варшаўскай акадэміі «Дэльта», пасля чаго перайшоў у структуру пазнаньскага «Леха», піша football.by.

Да нядаўняга часу Бахно выступаў за «Лех-2», які гуляе ў чацвёртым дывізіёне, аднак у гэтым сезоне не правёў там ніводнага матчу, выступаючы ў маладзёжным першынстве за каманду U-19. Затое ён гуляў за «Лех II» у сезоне-2024/25, а таксама трэніраваўся з асноўнай камандай пазнаньскага клуба.

Цяпер 18‑гадовы цэнтральны абаронца ростам 192 см — гулец «Віслы» з Плоцка, якая лідзіруе ў наймацнейшым польскім дывізіёне пасля 18 тураў, у «Гурніка» з Забжэ столькі ж балаў — 30, прычым «Вісла» ў апошніх пяці матчах згуляла ўнічыю.

У мінулым годзе клуб гуляў у першай лізе і прабіўся праз стыкі ў экстракласу (вышэйшую лігу). А «Лех» год таму стаў чэмпіёнам Польшчы. 

Мацвей таксама мае польскае грамадзянства.

Бахно выступаў за юнацкую (U-17), юніёрскую (U-19) зборныя Беларусі, а таксама правёў два матчы за моладзевую (U-21) каманду.

Кантракт з беларускім футбалістам разлічаны да лета 2028 года.

За «Віслу» таксама выступае беларускі абаронца Глеб Кучко, які ўжо мае досвед выступаў за нацыянальную зборную Беларусі. Аднак гэты сезон ён пачаў у арэндзе ў «Медзі» з Легніцы (першая ліга)

У польскай экстракласе ў гэтым сезоне гуляюць тры беларусы: Ілля Шкурын за «ГКС Катавіцы», Герман Баркоўскі за «Пяст», Максім Конанаў нядаўна перайшоў у «Ягелонію» з Беластока.

Чэмпіянат адновіцца 30 студзеня.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула