БЕЛ Ł РУС

У Музей Вольнай Беларусі перадалі бюлетэні 2020 года, якія спрабавалі спаліць

7.01.2026 / 18:1

Nashaniva.com

Калекцыя Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве ў студзені 2026 года папоўнілася ўнікальнымі артэфактамі. Былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк перадала ва ўстанову арыгінальныя бюлетэні з прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якія выцягнулі з агню.

Бюлетэні, якія спрабавалі спаліць. Фота: Музей Вольнай Беларусі

Гісторыя гэтых дакументаў драматычная. Як адзначаюць у музеі, улады спрабавалі знішчыць іх у адной з брэсцкіх кацельняў 10‑11 жніўня 2020-га, адразу пасля выбараў, каб схаваць сляды фальсіфікацый. Аднак мясцовыя актывісты здолелі літаральна выцягнуць паперы з агню і пазней перадалі іх Паліне Шарэндзе-Панасюк. Пра гэта піша «Радыё Свабода».

Увесь час, пакуль актывістка знаходзілася ў зняволенні, бюлетэні былі надзейна схаваныя на тэрыторыі Беларусі. Нагадаем, Паліна правяла за кратамі некалькі гадоў — ёй двойчы дадавалі тэрмін паводле артыкула за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Толькі пасля яе вызвалення ў лютым 2025 года і тэрміновай эвакуацыі сям'і за мяжу стала магчымым вывезці і гэтыя доказы.

На аркушах добра бачныя подпісы членаў камісіі і старшыні камісіі, якая, сярод іншых, сфальсіфікавала выбары на карысць Аляксандра Лукашэнкі. Фота: Музей Вольнай Беларусі

Цяпер 20 бюлетэняў сталі новымі экспанатамі музея. На іх выразна бачныя сляды агню, а таксама подпісы членаў выбарчых камісій, што сведчыць пра аўтэнтычнасць дакументаў. У музеі падкрэсліваюць: выратаваныя аркушы — гэта не толькі аб’ект калектыўнай памяці, але і прамы доказ злачынстваў рэжыму, які можа быць выкарыстаны ў будучых судах.

Музей Вольнай Беларусі, заснаваны ў Варшаве ў 2022 годзе, спецыялізуецца менавіта на такіх сведчаннях эпохі. У яго фондах ужо захоўваецца больш за 400 экспанатаў, якія адлюстроўваюць барацьбу беларусаў: ад турэмных робаў і лістоў палітвязняў (у тым ліку Віктара Бабарыкі і закатаванага Алеся Пушкіна) да рэчаў байцоў Палка Каліноўскага. Перадача бюлетэняў стала чарговым унёскам у захаванне праўды пра падзеі 2020 года.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула