БЕЛ Ł РУС

Помнік першай беларускай нафце ўзяты пад дзяржаўную ахову

7.01.2026 / 17:28

Nashaniva.com

Міністэрства культуры прыняло рашэнне ўключыць савецкую стэлу з мазаічным пано «Першаадкрывальнікам беларускай нафты» ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Савецкая стэла з мазаічным пано «Першаадкрывальнікам беларускай нафты». Фота: av.by

Пра гэта паведамілі ў Гомельскім аблвыканкаме.

Мемарыяльны комплекс знаходзіцца ў Рэчыцкім раёне, на 65‑м кіламетры шашы Гомель — Калінкавічы. Ён быў адкрыты ў 1968 годзе. Побач са стэлай таксама ўсталяваны памятны знак у гонар здабычы 100‑мільённай тоны нафты, якую атрымалі ў 1998 годзе.

Стэла «Першаадкрывальнікам беларускай нафты» ў савецкі час. Фота: budakosh.by

Месца для помніка абранае не выпадкова — ён стаіць непадалёк ад свідравіны №8. Менавіта тут 20 жніўня 1964 года быў атрыманы першы нафтавы фантан з сутачным прытокам 126 кубаметраў, што даказала наяўнасць радовішчаў.

Аднак на самой стэле зафіксавана іншая дата — 17 кастрычніка 1964 года. У гэты дзень на суседняй свідравіне №6 атрымалі першы прамысловы прыток «чорнага золата» (600 тон на суткі), што лічыцца афіцыйным пачаткам беларускай нафтаздабычы.

Стэла «Першаадкрывальнікам беларускай нафты» і памятны знак у гонар здабычы 100‑мільённай тоны нафты. Фота: av.by

Адметна, што знакавая свідравіна №6 эксплуатуецца дагэтуль, ужо больш за 60 гадоў. За ўвесь час з яе паднялі 1 мільён 100 тон сыравіны.

Сёння стэла з'яўляецца пунктам на так званым «нафтавым маршруце», па якім, як пішуць мясцовыя старонкі, «штогод праходзяць тысячы турыстаў».

Нагадаем, што галіна ў Беларусі зараз знаходзіцца на ўздыме: па выніках 2025 года «Беларуснафта» ўпершыню за тры дзесяцігоддзі выйшла на ўзровень здабычы 2 мільёны тон нафты за год.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула