Стала вядома, колькі людзей сёлета злавілі пры незаконным высяканні елак
Начальнік упраўлення лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі Аляксандр Угрын на прэс-канферэнцыі паведаміў, колькі парушэнняў, звязаных з незаконнай высечкай навагодніх дрэў, было зафіксавана ў святочны перыяд.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
З 15 снежня па 8 студзеня дзяржаўная лясная ахова працавала ва ўзмоцненым рэжыме, каб не дапусціць незаконных высечак. Сярод іншага ладзіліся рэйды ў лясах — найперш у хвойных маладняках, каля дарог, населеных пунктаў і садовых таварыстваў, дзе рызыка незаконнай высечкі найбольшая.
Для выяўлення парушэнняў выкарыстоўваліся сродкі фота– і відэафіксацыі — так званыя фотапасткі. У сістэме Мінлясгаса іх налічваецца больш за 2100.
Па выніках праведзеных мерапрыемстваў было арганізавана больш за 1700 палявых праверак. За гэты час агледзелі каля 5600 транспартных сродкаў, 1100 участкаў нарыхтоўкі навагодніх дрэў і амаль 900 дазвольных дакументаў.
Усяго злавілі больш за 160 парушальнікаў, з іх 7 выпадкаў незаконнай высечкі навагодніх дрэў.
Аляксандр Угрын нагадаў, што за незаконную высечку або пашкоджанне дрэва-кустарнікавай расліннасці прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Штрафы складаюць:
- для фізічных асоб — да 30 базавых велічынь;
- для індывідуальных прадпрымальнікаў — да 200 базавых велічынь;
- для юрыдычных асоб — да 300 базавых велічынь.
Акрамя штрафу, парушальнікам давядзецца кампенсаваць шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю, а таксама кошт незаконна нарыхтаванай прадукцыі. За кожнае навагодняе дрэва прадугледжана аплата ў памеры адной базавай велічыні.
Чытайце таксама:
У Мінску абвясцілі акцыю «Елкі ў трэскі»
«Запускайце далей салюты, а я выклічу міліцыю». Беларусы спрачаюцца пра забарону на феерверкі
У Варшаве ў навагоднюю ноч загарэлася галоўная ялінка
Двухсэнсоўным ФОТАМ суправадзіла навагодняе віншаванне ў сваім фэйсбуку беларускае МЗС