БЕЛ Ł РУС

У Мінску амаль тысяча хрушчовак — імі хутка зоймуцца

6.01.2026 / 10:36

Nashaniva.com

Прававая база для рэнавацыі ўжо ў распрацоўцы.

Слова «рэнавацыя» ўсё часцей гучыць з высокіх трыбун. Курс на «апгрэйд» старога жылля быў абазначаны яшчэ ў 2024 годзе, калі абмяркоўваўся праект Канцэпцыі дзяржаўнай жыллёвай палітыкі да 2030 года. Тады ж прагучала і даволі смелая фармулёўка: «па прыкладзе нашых расійскіх калег», піша Onliner.by.

— Рэнавацыя прадугледжвае павелічэнне шчыльнасці забудовы з захаваннем камфортнасці. Даволі значная частка жыллёвага фонду ў краіне мае калі не гранічныя тэрміны эксплуатацыі, то вельмі сур’ёзны знос. І мы не можам пастаянна праводзіць капітальныя рамонты і спрабаваць падтрымліваць гэты фонд у належным стане. Тым больш што капрамонт не прадугледжвае павышэння ўзроўню добраўпарадкавання. Таму нам, па прыкладзе нашых расійскіх калег, пара пераходзіць да тэмы рэнавацыі, — тлумачыў былы міністр архітэктуры і будаўніцтва.

Гэтая навіна і пужала, і зачароўвала: ці не пачнуць у нас зносіць хрушчоўкі і ўзводзіць на іх месцы вышынныя дамы? Прынамсі, менавіта так адбываецца ў Маскве — у тых самых «расійскіх калег».

У 2025 годзе, калі Канцэпцыя была прынята, з’явілася і крыху больш яснасці. Пад рэнавацыяй сталі разумець «паляпшэнне тэхніка-эканамічных характарыстык існуючых жылых дамоў або ўзвядзенне новых жылых дамоў замест знесеных, у тым ліку з выкарыстаннем існуючых фундаментаў і інжынерных сетак».

Асобным пунктам было прапісана, што фінансаванне праекта ў рэнавацыі будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту і прыватных інвестыцый.

Для ўласнікаў жылля, якое падпадае пад рэнавацыю, плануецца стварыць «аптымальны алгарытм рэалізацыі правоў»: людзі змогуць атрымаць грашовую кампенсацыю або раўназначнае па плошчы жыллё, у тым ліку ў дамах, што падлягаюць рэнавацыі.

І вось паступова агульная тэорыя пачынае набываць канкрэтныя рысы. Пра перспектывы рэнавацыі хрушчовак часопісу «Эканоміка Беларусі» распавёў міністр архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Студнеў.

«Так званых хрушчовак у Беларусі — 2568, іх агульная плошча каля 10 млн квадратных метраў, з іх панэльных — 1864, або каля 7 млн квадратных метраў. У Мінску — 890 панэльных дамоў 1955—1975 гадоў, гэта каля 3 млн кв. м, нарматыўны 25‑гадовы тэрмін службы якіх даўно скончыўся», — сказаў міністр.

Менавіта таму ў дзяржаўнай праграме будаўніцтва жылля на 2026—2030 гады рэнавацыя жыллёвага фонду з’яўляецца адной з прыярытэтных задач.

Пасля завяршэння распрацоўкі прававой базы рэнавацыі тэрыторый і канкрэтных дамоў будзе вызначана стратэгія па зносе або аднаўленні жыллёвага фонду, які патрабуе сучасных рашэнняў і падыходаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула