БЕЛ Ł РУС

«Кучаравенькая, з флейтай»: Севярынец расказаў, пра ўдзел Марыі Калеснікавай у Маладым фронце

4.01.2026 / 12:39

Вінцэсь Клепачэня

У новым выпуску «Тока» палітык і палітвязень Павел Севярынец падзяліўся ўспамінамі пра пачатак грамадскай дзейнасці Марыі Калеснікавай.

«Маша прыйшла ў Малады фронт. Яна тады была кучаравенькая, у акулярах. Флейта ўжо была. Яна ўжо грала там часам нават на вулічных акцыях, гэта было цікава і кранальна. І яна адна з пераможцаў курсаў «Дыджэяў Адраджэння», — згадвае Павел часы маладосці Марыі Калеснікавай.

Севярынец адзначае, што «плынь светлай беларускасці» з юнацтва захавалася ў Калеснікавай. Палітык згадаў іх сустрэчу ў Чарнігаве пасля вызвалення палітвязняў:

«Маша класна размаўляе па-беларуску… Яна заспявала там «Тры чарапахі», «Простыя словы, простыя рэчы», усе вызваленыя пляскалі ў ладкі».

Як даводзіць палітык, менавіта такое спалучэнне інтэлігентнасці і байцоўскіх якасцяў робіць яе постаць выключна важнай для беларусаў сёння:

«Таму, я думаю, што вось гэта той вобраз, які для Марыі цяпер найлепшы. Вось такой як бы шчырай і захопленай жанчыны з культурай, з байцоўскім характарам, з моцнай воляй нам таксама бракуе».

Марыя Калеснікава (злева) у маладафронтаўскія часы. Фота архіўнае

Што такое «Дыджэі Адраджэння»

Як патлумачыў Севярынец, курсы «Дыджэі Адраджэння», праз якія прайшла Марыя Калеснікава, стартавалі яшчэ ў 1999 годзе як лідарская школа. Іх галоўнай мэтай было навучыць маладафронтаўцаў актыўна дзейнічаць і «перамяняць школьную, універсітэцкую моладзь да беларускасці».

Навучанне цягнулася тры месяцы і складалася з дзевяці тэарэтычных заняткаў і трох практычных.

Сярод практычных заняткаў, як згадвае Севярынец, была камандзіроўка ў незнаёмы для ўдзельніка пункт Беларусі:

«Выкідваем чалавека «з парашутам». Проста даём яму такі і такі пункт Беларусі. «Ты на суткі камандзіруешся туды». Збіраем грошы (на той момант не было там фундацыяў, грантаў і гэтак далей, проста збіралі свае грошы ў складчыну). Усё. Адпраўляем цябе, умоўна кажучы там, у Малую Бераставіцу».

Заданні для «дэсанта» былі няпростымі, але крэатыўнымі:

«Задача за суткі: арганізаваць беларускамоўную дыскатэку, проста вывесіць бел-чырвона-белыя сцягі, напрыклад, і гэтак далей. І зрабіць справаздачу праз сродкі масавай інфармацыі».

Як сцвярджае Севярынец, «моладзі такая актыўнасць вельмі падабаецца. На той момант гэта было файна».

Чытайце таксама:

«Бацька браў нас на апазіцыйныя мітынгі яшчэ ў 1996 годзе». Гутарка з сястрой Марыі Калеснікавай

Севярынец расказаў пра першую сустрэчу з сям'ёй пасля вызвалення

«Паша, я табе не веру». Севярынец расказаў, як выпадковая дзяўчына матывавала яго назаўсёды перайсці на беларускую мову

Севярынец пра сваю гісторыю кахання: Гэта нетыпова для сённяшняга свету

Каментары да артыкула