Інфармацыя пра ўдар па маўзалеі Чавэса аказалася расійскім фэйкам
Учора расійскія інфармацыйныя агенцтвы распаўсюдзілі, а лукашэнкаўскія сеткі падхапілі інфармацыю пра знішчэнне магілы былога прэзідэнта Венесуэлы. Насамрэч удар быў па вайсковым аб'екце на суседняй гары — вось якім.
3 студзеня авіяўдар быў нанесены па штаб-кватэры «баліварыянскай міліцыі» (на фота), а не па маўзалеі Чавеса. Калаж тг-канала @spadczyna
«Магіла Уга Чавеса гарыць, Мадура ўзяты ў палон, юды атрымалі грошы, нафта пяройдзе Штатам», — напісаў у сваім канале 3 студзеня прапагандыст Рыгор Азаронак.
Маўзалей Уга Чавеса — Cuartel de la Montaña 4F — гэта будынак на гары, які ў 1992 годзе стаў штабам Уга Чавеса падчас ажыццёўленай ім спробы дзяржаўнага перавароту.
Пасля смерці Чавеса ў 2013 годзе яго ператварылі ў маўзалей.
Інфармацыя пра ўдар па ім была выдуманая. Пад удар трапіў іншы гістарычны будынак у Каракасе — размешчаны на суседняй гары, прыкладна за паўкіламетра ад маўзалея.
Сапраўднай цэллю атакі стаў комплекс былой Вайскова-марской абсерваторыі Кахігаль (Observatorio Naval Cagigal), які ў апошнія гады выкарыстоўваўся як штаб-кватэра Камандавання баліварыянскай міліцыі — гэта структура тыпу тэрытарыяльнай абароны і адначасова сетка для кантролю над грамадствам.
Скрыншот з відэа
3 студзеня Злучаныя Штаты Амерыкі паспяхова правялі маштабны ўдар па Венесуэле і яе лідарах. Прэзідэнт Мадура разам са сваёй жонкай быў затрыманы і вывезены з краіны. Мадура быў схоплены элітным падраздзяленнем спецыяльнага прызначэння «Дэльта». Аперацыя суправаджалася ўдарамі па ўстаноўках СПА Венесуэлы і вайсковых аб'ектах.
63‑гадовы Нікалас Мадура ўзначальваў Венесуэлу з 2013 года. Захад не прызнаваў вынікаў выбараў, згодна з якімі ён пераабіраўся на новыя тэрміны. Сістэма фальсіфікацыі выбараў у Венесуэле нагадала беларускую.