БЕЛ Ł РУС

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае

3.01.2026 / 19:58

Nashaniva.com

Ён таксама сказаў, што ЗША будуць кантраляваць сітуацыю ў Венесуэле да выбараў.

Скрыншот трансляцыі прэс-канферэнцыі

Дональд Трамп даў прэс-канферэнцыю пасля захопу былога прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура.

Трамп заявіў, што падобныя аперацыі не праводзіліся з часоў Другой сусветнай вайны. «Ні адна краіна ў свеце не змагла б зрабіць таго, што зрабіла Амерыка ўчора», — адзначыў Трамп. Ён параўнаў гэта з забойствам лідара «Ісламскай дзяржавы» аль-Багдадзі.

Ён дадаў, што пацярпелых сярод амерыканскіх салдат няма.

Мадура, па словах Трампа, абвінавачваецца ў «наркатэрарызме» і быў кіраўніком Cártel de los Soles («картэль сонцаў»).

Трамп таксама сказаў, што яны гатовы правесці другую хвалю ваеннай аперацыі ў Венесуэле, калі будзе неабходна. Але пакуль такой неабходнасці няма.

Прэзідэнт ЗША таксама сказаў, што яны будуць кантраляваць сітуацыю ў Венесуэле да выбараў. А Мадура цяпер не прэзідэнт, яго ўлада скончылася.

«Мы будзем кіраваць краінай, пакуль не зможам забяспечыць юрыдычна правільную змену ўлады ў Венесуэле».

Трамп паабяцаў зрабіць народ Венесуэлы багатым і незалежным.

Трамп заявіў, што амерыканскія нафтавыя кампаніі адновяць Венесуэлу. «Яны зойдуць туды і адновяць разбураную інфраструктуру. Яны пачнуць зарабляць грошы для гэтай краіны».

Кіраўнік Пентагона Піт Хэгсет і старшыня камітэта начальнікаў штабоў узброеных сіл Дэн Кейн расказалі пра некалькі дэталяў аперацыі. ЗША задзейнічалі 150 самалётаў, а рыхтавалася аперацыя некалькі месяцаў. Амерыканская авіяцыя знішчала сістэмы СПА Венесуэлы, каб спецназ на верталётах мог захапіць Мадуру. Выкарыстоўваліся знішчальнікі F-35, F-22, а таксама бамбардзіроўшчыкі B-1.

Трамп і Рубіа назіраюць за аперацыяй. Фота: Белы дом

Хэгсет і Трамп падчас назірання за аперацыяй. Фота: Белы дом

Дзяржсакратар Марка Рубіа сказаў, што ў Мадуры было мноства магчымасцяў пазбегнуць захопу, яму паступалі шчодрыя прапановы, але ён не скарыстаўся імі.

«Не гуляйце ў гульні з гэтым прэзідэнтам», — сказаў Рубіа пра Трампа.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Трамп расказаў, што Мадура спрабаваў бегчы ў бункер, але амерыканскія вайскоўцы не далі яму гэта зрабіць. Па словах Трампа, пачалася вялікая перастрэлка і за 47 секунд амерыканскія вайскоўцы змаглі ўсё зачысціць.

Віцэ-прэзідэнтка Венесуэлы правяла тэлефонную размову з дзяржсакратаром ЗША, заявіў Трамп. Ён сцвярджае, што Каракас гатовы да супрацоўніцтва з Вашынгтонам. 

Трампа спыталі, ці кантактаваў ён з нобелеўскай лаўрэаткай і апазіцыйным палітыкам з Венесуэлы Марыяй Карына Мачада. Ён сказаў, што Мачада было б «вельмі цяжка» быць лідарам Венесуэлы. Хоць яна вельмі «мілая жанчына», па яго словах, «у яе няма падтрымкі або павагі ўнутры краіны».

Напрыканцы Трампа спыталі, ці абмяркоўваў ён з Пуціным Венесуэлу. Прэзідэнт ЗША сказаў, што яны не абмяркоўвалі Венесуэлу і Мадура.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула