БЕЛ Ł РУС

«Мы вам патэлефануем». Эйсмант расказала, як трапіла на БТ

3.01.2026 / 13:29

Nashaniva.com

Прэс-сакратарка Лукашэнкі да свайго прызначэння вяла навіны на БТ. У дакументальным фільме «70 гадоў разам з вамі! Юбілей беларускага тэлебачання» Эйсмант згадала пра тое, як трапіла на Макаёнка.

На БТ Наталля Сялюн (гэта дзявочае прозвішча прэс-сакратаркі Лукашэнкі) прыйшла студэнткай 4‑га курса Акадэміі мастацтваў. 

«Добра памятаю суфлёр, лісты, сам стол і абстаноўку, якая панавала вакол. Мне далі прачытаць тэкст — прачытала. Пасля гэтага мне абсалютна, мякка кажучы, спакойна і недзе абыякава сказалі: «Добра, чакайце. У нас людзей шмат, на тэлебачанні працаваць хочуць, мы вам патэлефануем», — згадвае свой кастынг Наталля Эйсмант

Але ў той жа дзень дзяўчына атрымала зваротную сувязь, не паспеўшы нават даехаць дадому.

«Помню, што калі пад'язджала да прыпынку, раздаўся званок з незнаёмага нумара на мабільны тэлефон. Я адказала і пачула: «Мы запрашаем вас заўтра пачаць навучанне ў Белтэлерадыёкампаніі, пачаць стажыравацца і, калі ўсё будзе добра, сесці ў крэсла вядоўцы навін», — расказала яна.

З новай працай у маладой акторкі Наталлі Сялюн з'явілася і новае прозвішча. Яна ўзяла сабе псеўданім Кірсанава. Спачатку вядоўца працавала ў праграмах «Дзелавое жыццё» і «Навіны рэгіёна», а пасля пайшла на павышэнне ў «Панараму» і «Галоўны эфір». 

На БТ Сялюн-Кірсанава пазнаёмілася з маладым вядоўцам Іванам Эйсмантам. Ён, былы капітан міліцыі з Гродзенскай вобласці, прыйшоў на кастынг па пратэкцыі сваёй сястры Ганны, якая вяла навіны спорту. Цікава што Эйсмант таксама працаваў у кадры пад псеўданімам, змяніўшы прозвішча на Міхайлаў. Ён вёў навіны спорту, а таксама праграмы накшталт «Зоны X» ці «Сферы інтарэсаў». Цяпер Іван Эйсмант узначальвае Белтэлерадыёкампанію.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула