БЕЛ Ł РУС

Прадаецца шыкоўная чатырохпакаёўка над «Цэнтральным». Колькі просяць?

3.01.2026 / 16:3

Nashaniva.com

Кватэра з вялікім вуглавым балконам знаходзіцца па адрасе праспект Незалежнасці, 23. У гэтым будынку месцяцца легендарны ўніверсам «Цэнтральны» і ўваход у станцыю метро «Кастрычніцкая».

Від з балкона кватэры. Фота тут і далей: d-mysli.by

Агульная плошча чатырохпакаёўкі — амаль 140 квадратаў. Найменшы з пакояў мае плошчу 17 метраў, а самы вялікі — 30.

У кватэры прасторны хол-калідор агульнай плошчай 20 квадратаў, два санвузлы і традыцыйна невялікая кухня на 8,1 метра.

Вышыня столяў — 3,1 метра. Але, бадай, галоўная ўнікальнасць гэтай кватэры ў тым, што яна знаходзіцца на чацвёртым паверсе, які адзіны ў доме, дзе ёсць балконы. Асаблівай каштоўнасці дадае той факт, што кватэра вуглавая, таму балкон тут вялікі і выходзіць адразу на праспект Незалежнасці і вуліцу Леніна.

Усе вокны выходзяць на праезную частку.

Што да рамонту, то пры жаданні заехаць у гэтую кватэру можна адразу, але для камфортнага пражывання яго відавочна трэба абнавіць. 

Паркетная падлога не ў самым лепшым стане, ды і сцены месцамі выглядаюць даволі завэдзганымі.

Рамонт тут, мяркуючы з апісання, апошні раз рабілі ў 2015-м, калі адбываўся капітальны рамонт дома. Тады ж замянілі старыя радыятарныя батарэі на сучасныя алюмініевыя. Але канцэптуальна аздабленне выглядае як з канца 1990‑х — пачатку 2000‑х гадоў, бо дзвярны праём, які вядзе на кухню, мае арку, папулярную ў тыя часы.

У вялікім санвузле стаіць вуглавая ванна, умывальнік, унітаз і бідэ. Плітка на сценах і падлозе — гэта зноў жа як прывітанне з 1990-х.

Нягледзячы на тое, што жытло патрабуе ўкладанняў, цана выглядае невысокай для такога аб'екту. За прасторную сталінку ў самым цэнтры сталіцы просяць 360 тысяч даляраў.

Гэта каля 2600 даляраў за метр, што вышэй за сярэдні кошт метра ў Мінску, які нядаўна пераадолеў адзнаку на 2000 даляраў, але і кватэра гэтая — далёка не звычайнае жытло ў спальным раёне сталіцы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула