Кіруючая партыя Германіі хоча высылаць сірыйцаў, якія беглі ад грамадзянскай вайны, назад на радзіму — нават рэгулярнымі рэйсамі
У новым 2026 годзе адна з партый кіруючай кааліцыі Германіі, Хрысціянска-сацыяльны саюз (ХСС), плануе вярнуць «большасць» сірыйцаў, якія атрымалі ў краіне прытулак, назад на радзіму. ХСС таксама настойвае на змене курсу ў дачыненні да ўкраінскіх бежанцаў.
Прыбыццё сірыйскіх бежанцаў у Германію ў 2015 годзе. Фота: Wikimedia Commons
Пра гэта піша нямецкае выданне BILD.
Праз больш як год пасля заканчэння грамадзянскай вайны ў Сірыі толькі з Турцыі на радзіму вярнуліся звыш паўмільёна бежанцаў. У Германіі ж колькасць прашэнняў аб прытулку не змяншаецца, у той час як дэпартацый не стала больш.
Баварская кіруючая партыя ХСС абяцае на 2026 год «наступальную дэпартацыйную кампанію». У праграмным дакуменце зямельнай групы ХСС у бундэстагу дэпутаты запатрабавалі праводзіць дэпартацыі рэгулярнымі авіярэйсамі, у тым ліку «ў Сірыю і Афганістан».
Паколькі грамадзянская вайна ў Сірыі скончылася, «для большасці сірыйцаў, якія атрымалі ў Германіі часовае права на знаходжанне ў сувязі з вайной, адпадае падстава для абароны», — лічаць у партыі.
Да гэтага часу на практыцы дэпартацыі часта зрываюцца, калі асобы, якіх высылаюць, аказваюць супраціў або хаваюцца ў дзень высылкі. Эксперты патрабуюць большай жорсткасці з боку заканадаўчых органаў, а таксама дадатковых праграм, якія зрабілі б добраахвотнае вяртанне больш прывабным.
Напрыклад, даследчык міграцыі Даніэль Цім прапанаваў дазволіць сірыйцам паездкі на радзіму, якія дагэтуль забароненыя для бежанцаў. Улады Турцыі і Францыі ўжо дазволілі такія візіты, спадзеючыся тым самым паскорыць добраахвотнае вяртанне сірыйцаў.
Варта адзначыць, што з канца 2024 года Турцыя паведаміла аб прыкладна 550 тысячах выездаў сірыйскіх грамадзян, у той час як Германія нават у 2025 годзе зарэгістравала амаль 25 тысяч новых заяў аб прадастаўленні прытулку ад сірыйцаў.
ХСС таксама пераконвае ў неабходнасці змены курсу ў дачыненні да ўкраінскіх бежанцаў. Партыя будзе дамагацца таго, «каб, у прыватнасці, ваеннаабавязаныя ўкраінскія мужчыны рабілі свой унёсак у абарону сваёй краіны».