БЕЛ Ł РУС

Вось якія мадэлі аўтамабіляў перастаюць выпускаць. Трох асабліва шкада

3.01.2026 / 8:30

Лаўрын Кулеш

Еўрапейскі аўтарынак перажывае адну з самых радыкальных трансфармацый у сваёй гісторыі. Вось асабліва знакавыя страты. 

Ford Focus. Фота: ford.pl

Узмацненне экалагічных нормаў, пераход на электрапрывады і змена прыярытэтаў спажыўцоў прывялі да таго, што ў 2025 годзе з вытворчасці былі знятыя мадэлі, якія дзесяцігоддзямі вызначалі аблічча еўрапейскіх дарог. Многія з іх засталіся без пераемнікаў, піша AutoSwiat.pl.

Ford Focus: развітанне з легендай

Гэта, бадай, самая гучная страта. У лістападзе 2025 года Ford афіцыйна спыніў вытворчасць Focus на заводзе ў Саарлуі (Германія). Мадэль, якая ў 1998 годзе здзейсніла рэвалюцыю ў кампакт-класе, ідзе на спачын пасля 27 гадоў поспеху. Ford вырашыў цалкам засяродзіцца на электрамабілях і красоверах, пакінуўшы нішу класічных хэтчбэкаў і ўніверсалаў гольф-класа пуставаць.

Фота: Wikimedia Commons

Peugeot 508: апошні з магікан

Не менш балючай для еўрапейскага аўтааматара стала завяршэнне ў 2025 годзе вытворчасці Peugeot 508. Ён быў смелай і вельмі стылёвай альтэрнатывай такім нямецкім аўто, як Audi A4 ці BMW 3-серыі. Аднак попыт на традыцыйныя седаны і ўніверсалы D-класа ў Еўропе імкліва падае.

Часткова яго заменіць Peugeot 408 — на клас ніжэйшы, але пры гэтым толькі на 10 см карацейшы.

Фота: Wikimedia Commons

Hyundai i10: танныя машыны становяцца гісторыяй

Гэтай машыны шкада больш за ўсё. Сегмент А ў Еўропе амаль мёртвы. Праз высокія патрабаванні да бяспекі і экалогіі вырабляць маленькія танныя машыны стала нявыгадна. Hyundai i10 — адно з апошніх якасных гарадскіх мікрааўто — пакідае рынак у 2025 годзе. Яго месца ў лінейцы займае электрычны Hyundai Inster, але ён каштуе значна даражэй за свайго бензінавага папярэдніка.

Хто яшчэ пакідае еўрапейскія дарогі?

Акрамя вышэйзгаданай тройцы, еўрапейскі рынак у 2025 годзе развітаўся яшчэ з некалькімі знакавымі мадэлямі.

Фота: Wikimedia Commons

Kia Ceed

Ceed стаў першай Kia, распрацаванай спецыяльна для Еўропы. Сама назва — адсылка да еўрапейскай ідэнтычнасці аўто. Пасля 2018 года брэнд тлумачыў сэнс назвы як Community of Europe, with European Design. У 2025 годзе Kia пачала згортваць класічны Ceed у версіях хэтчбэк і ўніверсал: мадэль сыходзіць з рынку і саступае месца Kia K4, якая павінна стаць новым «галоўным кампактам» брэнда ў Еўропе.

Пры гэтым версія XCeed пакуль застаецца ў лінейцы і, паводле паведамленняў, у 2026 годзе атрымае абнаўленне, што можа падоўжыць яе жыццёвы цыкл. Так ці інакш, эра Ceed як класічнага еўрапейскага хэтчбэка падыходзіць да канца.

Фота: Wikimedia Commons

Audi A1

Кіраўніцтва Audi афіцыйна пацвердзіла: маленькіх мадэляў больш не будзе. Audi A1 завяршыў свой шлях у 2025 годзе. Кампанія вырашыла засяродзіцца на больш дарагіх і маржынальных сегментах.

Цяпер самым танным Audi стане красовер Q2 ці хэтчбэк A3, а прыхільнікам кампактных прэміум-аўто давядзецца шукаць альтэрнатывы ў іншых брэндаў.

Фота: Wikimedia Commons

Volvo V90

Volvo заўсёды асацыявалася з вялікімі, бяспечнымі ўніверсаламі. Але цяпер шведскі брэнд імкліва ператвараецца ў вытворцу электрычных красовераў. Вытворчасць флагманскага ўніверсала V90 спынена ў кастрычніку 2025 года. Гэта балючы ўдар па фанатах маркі: лінія вялікіх Volvo, што пачалася 50 гадоў таму з мадэлі 265, можа абарвацца назаўсёды.

Электрамабіль Mazda MX-30. Фота: Wikimedia Commons

Mazda MX-30 

У 2025 годзе еўрапейскі рынак пакінуў красовер Mazda MX-30. Разам з ім сышла і ўнікальная тэхналогія — ротарны рухавік Ванкеля, які толькі нядаўна вярнуўся ў версіі R-EV пасля доўгага перапынку.

Вытворчасць мадэлі MX-30 завяршылася на мяжы 2024 і 2025 гадоў, і хоць Mazda абяцае выкарыстоўваць ротар у будучыні, зараз гэты незвычайны аўтамабіль застаецца без прамога наступніка.

Фота: Wikimedia Commons

Toyota Highlander

Вялікі сяміасабовы SUV ад Toyota быў спробай прышчапіць амерыканскія каштоўнасці на еўрапейскай глебе. Аднак у Еўропе Highlander сутыкнуўся з жорсткай канкурэнцыяй і экалагічнымі патрабаваннямі. У 2025 годзе мадэль пакінула еўрапейскія шоўрумы. Ролю флагмана брэнда цяпер будзе выконваць новы Land Cruiser 250.

Чытайце таксама:

Эксперты папярэджваюць пра небяспеку кітайскіх аўто

У Беларусі прадаюць «бандыцкую» BMW 1990 года выпуску за шалёныя грошы. Пішуць, што аўто з Японіі

У ЗША пачалі збіраць першыя лятаючыя аўтамабілі

Каментары да артыкула