БЕЛ Ł РУС

Што за ўпрыгажэнне было на Святлане Ціханоўскай падчас навагодняга звароту? І што абазначаюць арнаменты на ім?

2.01.2026 / 12:20

Nashaniva.com

Падчас навагодняга звароту многія звярнулі ўвагу на стылёвы вобраз Святланы Ціханоўскай — шакаладны аксамітны жакет дапаўняла ўпрыгажэнне з беларускім арнаментам на шыі. «Наша Ніва» даведалася, хто стаяў за яго стварэннем.

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

За знешні выгляд нацыянальнай лідаркі ў кадры адказвала імідж-стылістка з віленскай CAPSULE STYLE ROOM.

Яна ўжо шмат гадоў прафесійна займаецца кансультацыямі па іміджы, аналізам гардэробу і арганізоўвае персанальны шопінг для кліентаў.

«Вобраз прадумваўся па колеравай гаме і кампазіцыі ў адпаведнасці з агульнай канцэпцыяй здымкаў», — расказала стылістка «Нашай Ніве».

Што тычыцца ўпрыгажэння на шыі, то яно было створана на заказ спецыяльна пад запіс навагодняга віншавання.

Скрыншот: ютуб-канал Святланы Ціханоўскай

Элементы падвескі зробленыя з керамікі, на якой былі выгравіраваныя арнаменты. Кожны з іх мае сваё значэнне.

Крыж у квадраце — гэта гармонія чатырох стыхій (вецер, вада, зямля, агонь) і абарона ад злога. Белы знак у выглядзе кратак абазначае ўрадлівасць, парадак і дабрабыт. Трэці арнамент-вузел — пра неразрыўную сувязь пакаленняў і абарону дома. Квадратная ж пляцёнка нясе ў сабе значэнне руху наперад і поспеху (такія сімвалы часта сустракаюцца на беларускіх ручніках).

Кошт такога ўпрыгажэння на заказ фармуецца са шматлікіх складнікаў (ланцужок, памеры, эксплуатацыйныя матэрыялы), таму ён заўсёды вагаецца. Пры жаданні набыць падвеску, як у Святланы Ціханоўскай, пішыце пра дэталі персанальна стылістцы на яе працоўную старонку ў інстаграме.

Чытайце таксама:

Ціханоўская павіншавала беларусаў разам з Калеснікавай, Севярынцам і Латушкам

Вось чаму на звароце Ціханоўскай не было Бяляцкага і Ціханоўскага

Ціханоўскі ў навагоднім звароце заклікаў да «фінляндызацыі», даравання тым, «каго папутаў бес», і павагі да Трампа

Каментары да артыкула