Белавежская пушча аб'явіла вайну інвазіўным дубам
Белавежская пушча распачынае барацьбу з інвазіўнымі відамі раслін, у тым ліку з чырвонымі дубамі. У 2026 годзе плануюць правесці эксперымент, які будзе ўключаць механічныя і хімічныя метады знішчэння гэтых дрэў. Найбольш радыкальным спосабам лічаць высяканне чырвоных дубоў.
Фота ілюстрацыйнае
Чырвоны дуб трапіў у Беларусь з Паўночнай Амерыкі ў канцы XIX стагоддзя для палацавага парку ў Белавежы. Ягоная небяспека ў тым, што гэта расліна хутка расце, дае шмат насення і ўстойлівая да мясцовых шкоднікаў. У выніку чырвоны дуб замяшчае сабой мясцовыя віды дубоў і іншыя лісцевыя дрэвы.
Акрамя чырвонага дуба, да інвазіўных відаў, з якімі ў Белавежскай пушчы маюць намер змагацца, аднеслі таксама клён ясенялісты, рабінію псеўдаакацыю і сумнік канадскі.
Інвазіўныя расліны пагражаюць мясцовай флоры, бо выцясняюць абарыгенныя віды і парушаюць натуральныя экасістэмы. Напрыклад, сумнік канадскі хутка ўтварае густыя зараснікі, якія прыгнятаюць іншыя расліны. Клён ясенялісны выдзяляе рэчывы, атрутныя для іншых відаў, а рабінія змяняе склад глебы, насычаючы яе азотам, што шкодзіць мясцовым раслінам, прыстасаваным да бедных глеб.
Чытайце таксама:
На суботніку ў Мінску Лукашэнка саджаў дрэвы, шкодныя для беларускай прыроды
У Беларусі ўзмоцняць пакаранне за няправільна выкінутае смецце і няскошаны баршчэўнік