У Іране выбухнулі масавыя пратэсты з-за пагаршэння эканамічнай сітуацыі
У Іране выбухнулі найбуйнейшыя за апошнія тры гады пратэсты, асноўную частку ўдзельнікаў якіх склалі гандляры і ўладальнікі крам. Прычыны — рэзкая дэвальвацыя нацыянальнай валюты (28 снежня іранскі рыял аслаб да рэкордна нізкага ўзроўню — каля 1,4 мільёна за даляр), адстаўка кіраўніка Цэнтральнага банка Махамада Фарзіна, а таксама рост цэн на прадукты харчавання і лекі на фоне санкцыйнага ціску і пагаршэння эканамічнай сітуацыі пасля вайны з Ізраілем, паведамляе Associated Press.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Fatemeh Bahrami / Anadolu via Getty Images
Пратэсты пачаліся ў нядзелю з невялікіх мітынгаў на буйных рынках мабільнай сувязі ў цэнтры Тэгерана, дзе дэманстранты скандавалі антыўрадавыя лозунгі. Пазней акцыі прайшлі на вуліцы Саадзі, у раёне Шуш, каля вялікага Тэгеранскага базара, а таксама ў іншых гарадах — Ісфахане, Шыразе і Мешхедзе. Мясцовыя ўніверсітэцкія студэнты таксама далучаліся да пратэстаў. У некаторых раёнах Тэгерана паліцыя прымяняла слёзатачывы газ.
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, інфляцыя ў снежні ўзрасла на 42,2% у гадавым вылічэнні, цэны на прадукты харчавання — на 72%, а на медыцынскія тавары — на 50% у параўнанні з мінулым годам. Больш за тое, насельніцтва занепакоіла інфармацыя пра магчымасць павышэння падаткаў на іранскі Новы год (21 сакавіка). У снежні ўпершыню за шэсць гадоў улады павялічылі кошт на бензін.
На фоне масавых выступленняў улады Ірана абвясцілі пра гатоўнасць пайсці на кампрамісы з дэманстрантамі. Прэзідэнт краіны Масуд Пезешкіян заявіў, што даручыў міністру ўнутраных спраў выслухаць «законныя патрабаванні» пратэстоўцаў. Плануецца стварэнне механізму дыялогу з лідарамі акцый, каб вырашаць праблемы мірным шляхам.
Акрамя таго, Пезешкіян паабяцаў прыняць «фундаментальныя меры» па рэформе грашова-крэдытнай і банкаўскай сістэмы і захаванні пакупніцкай здольнасці грамадзян.
Раней, у 2022—2023 гадах, Іран таксама ахоплівалі пратэсты з-за росту цэн, у тым ліку на хлеб, а таксама вялікія выступленні пасля смерці 22‑гадовай Махсы Аміні ў паліцэйскім пастарунку.