У Беларусі пачала працаваць новая сістэма імгненных плацяжоў
У Беларусі пачала працаваць новая сістэма імгненных плацяжоў па QR-кодзе, якую Нацыянальны банк запусціў у тэставым рэжыме. Пакуль што яна апрабуецца ў межах пілотнага праекта: у ім удзельнічаюць тры банкі, а плацяжы прымаюцца ў дзвюх буйных крамах, піша sb.by.
Фота: Sb.by
Аплата тавараў адбываецца з дапамогай сістэмы імгненных плацяжоў Нацбанка і сэрвісу «Крок».
Як адзначылі ў Нацбанку, новы сэрвіс «Крок» створаны на аснове наяўнай інфраструктуры імгненных плацяжоў і плацежнай сістэмы АРІП. Асноўная асаблівасць у тым, што пры разліках не выкарыстоўваюцца банкаўскія карткі — грошы пералічваюцца непасрэдна з рахунка плацельшчыка на рахунак юрыдычнай асобы ў рэжыме рэальнага часу. Сістэма працуе кругласутачна, без выхадных.
Прадстаўнікі банкаў падкрэсліваюць, што ўсе аперацыі адбываюцца анлайн, а выручка адразу паступае на разліковы рахунак. Для аплаты дастаткова мець мабільны дадатак і адкрыты бягучы рахунак. Калі яго няма, сістэма дазваляе хутка адкрыць рахунак і папоўніць яго — як з карткі, так і праз плацежную інфраструктуру.
Чакаецца, што ў лютым 2026 года Нацбанк зацвердзіць правілы працы сістэмы «Крок». Да 1 ліпеня да яе павінны будуць далучыцца ўсе сістэмна значныя банкі першай групы, а да канца года ўдзел у праекце возьмуць усе банкі краіны.
Чытайце таксама:
Да канца года ў Беларусі запусцяць імгненныя плацяжы па QR-кодзе
Польскі банк PKO верыфікаваў беларуску без ДНЖ і разблакаваў ёй доступ да рахунку
На картках Беларусбанка могуць некарэктна адлюстроўвацца балансы