Пачобут не стаў размаўляць з шасцёркамі — ні з Пратасевічам, ні з Васкрасенскім
Так, відаць, супала, але ў адзін і той жа дзень два найбольш вядомыя перабежчыкі з дэмакратычнага лагера ў праўладны, Раман Пратасевіч і Юрый Васкрасенскі, падзяліліся гісторыямі пра тое, як яны хацелі падабраць ключы да палітзняволенага журналіста Андрэя Пачобута, але той іх катэгарычна адшыў.
Андрэй Пачобут на судзе
Раман Пратасевіч расказаў сваю гісторыю падчас эфіру ў праграме прапагандыста Рыгора Азаронка, калі той спытаўся ягоную думку пра тое, што далей будзе з Андрэем Пачобутам у ходзе развіцця магчымага дыялогу рэжыму Лукашэнкі з Польшчай.
«Магу сказаць толькі тое, што пэўны час таму я спрабаваў пабачыцца з тым самым грамадзянінам (маецца на ўвазе Андрэй Пачобут — Заўв. рэд.), але ён увогуле катэгарычна адмовіўся сустракацца, пачаў гаварыць нецэнзурна і гэтак далей. На гэтым уся гэта гісторыя і скончылася», — сказаў на гэта Пратасевіч.
Практычна аналагічную гісторыю падчас сённяшняй размовы з праваабаронцам Леанідам Судаленкам расказаў і Юрый Васкрасенскі:
«Я сустракаўся з Пачобутам у Следчым камітэце, у прысутнасці часовага паверанага ў справах Польшчы. Як ён накінуўся, пачаў абражаць, крычаць! Гэта значыць паводзіў сябе як сацыяпат. Хоць я яго наогул упершыню ў жыцці ўбачыў. Я ж яму ніколі кепскага нічога не рабіў, не зычыў».
Варта адзначыць, што падобную гісторыю Васкрасенскі расказваў яшчэ ў красавіку 2023 года, прытым яна і тады ўжо адбылася «прыкладна паўтара года таму». Калі сваю спробу рабіў Пратасевіч — невядома, але можна меркаваць, што яна магла мець месца прыкладна год таму, калі ўлады спрабавалі выкарыстаць гэтага блогера для прапагандысцкага выкарыстання ключавых палітзняволеных. Менавіта тады ў эфір выйшлі фрагменты ягонай размовы з Віктарам Бабарыкам.
У кожным разе выглядае, што Андрэй Пачобут цудоўна разумее нікчэмнасць фігур як Васкрасенскага, так і Пратасевіча, а таму катэгарычна ўхіляецца ад любых кантактаў з імі.
Чытайце таксама:
Бабарыка пасля сустрэчы з Пратасевічам трапіў у ШІЗА
Васкрасенскі пакаяўся, што быў у камандзе Бабарыкі: Я быў адурманены, як і ўвесь беларускі народ