«Прывезлі маю жонку і сказалі, што яе будуць катаваць». Пара з Украіны расказала жахлівую гісторыю пераследу ў Беларусі
Вясной 2025 года грамадзяне Украіны Вольга і Мікалай (імёны змененыя ў мэтах бяспекі дзіцяці, якое знаходзіцца на акупаванай Расіяй тэрыторыі Украіны) прыехалі ў Беларусь з еўрапейскай краіны, дзе жылі з 2023 года. Неўзабаве пасля прыезду іх арыштавалі. «Вясна» паразмаўляла з Вольгай і Мікалаем пра тое, што ім давялося перажыць за кратамі ў Беларусі, пакуль іх не перадалі Украіне.
Фота ілюстрацыйнае
Горад, у якім сужэнцы жылі ва Украіне, цяпер акупаваны Расіяй, а ў іх доме знаходзяцца расійскія вайскоўцы. Таму яны планавалі пераехаць у Беларусі ў вёску, уладкавацца на простую працу і мець магчымасць сустракацца з сынам, які таксама знаходзіцца на акупаванай Расіяй тэрыторыі і можа выязджаць толькі па расійскім пашпарце.
Але Вольгу і Мікалая затрымалі неўзабаве пасля пераезду. Іх абвінавачвалі ў агентурнай дзейнасці, шпіянажы, тэрарызме і іншых цяжкіх палітычных злачынствах. Паўгода іх утрымлівалі ў нечалавечых умовах без перадач, зменнай бялізны і сродкаў гігіены. Мікалая катавалі ўдушшам, прымушаючы падпісаць абвінавачванні, збівалі, здзекаваліся, змяшчалі ў «прэс-хаты», шантажавалі сэксуальным гвалтам жонкі да такога стану, што ён перастаў размаўляць і ў яго пачаліся псіхалагічныя праблемы.
Пасля перажытых у Беларусі катаванняў і псіхалагічнага ціску мужчына моцна заікаецца і з цяжкасцю размаўляе. Цяпер пара праходзіць рэабілітацыю з дапамогай украінскіх спецыялістаў.
«Супрацоўнік у масцы прыставіў пісталет да яе патыліцы»
Мікалай і Вольга прыехалі ў Беларусь вясной 2025 года. Яны ўладкоўваліся на працу і афармляліся ў міграцыйнай службе. Мікалай мяркуе, што падазрэнне да іх узнікла праз тое, што яны з жонкай, маючы вышэйшую юрыдычную адукацыю, уладкоўваліся на працу ў калгас у адной з вёсак.
Ва Украіне Мікалай быў афіцэрам МУС. У чэрвені, успамінае Вольга, яе мужу патэлефанавалі з міграцыйнай службы і папрасілі іх прыйсці распісацца.
«Калі мы ішлі туды, у мяне было дрэннае прадчуванне. Як былы супрацоўнік я разумею, каго заводзяць праз цэнтральны ўваход. Я жонцы кажу: нас зараз арыштуюць. А яна робіць апошнія два крокі і кажа: «Ды каму ты патрэбны!» У гэтую секунду выскоквае спецназ са зброяй. Яе паставілі тварам да сцяны. Адзін супрацоўнік у масцы прыставіў пісталет да яе патыліцы, а другі — у спіну ў бок сэрца наставіў зброю. Гэта я бачыў знізу — мяне кінулі на падлогу і вывернулі галаву, што я мог за гэтым усім назіраць. Мне ў плячах вывернулі рукі. Калі надзелі кайданкі, то гучна спыталі прозвішча і грамадзянства», — успамінае Мікалай.
У мужчыны адразу забралі тэлефон і павялі на вуліцу, заломваючы яго так, што твар быў амаль на асфальце. Пару пасадзілі ў мікрааўтобус без апазнавальных знакаў. Мікалая змясцілі на калені паміж сядзенняў і ўткнулі галавой у падлогу, а Вольгу пасадзілі побач. Але іх шлях на машыне склаў толькі каля дзвюх хвілін.
«Гэта было дзесьці побач. Нас вывелі з бусіка і завялі ў нейкі будынак у падвал. Мяне — у адзін пакой, яго — ў другі. Мяне пасадзілі на крэсла і сказалі глядзець у сцяну. У пакоі са мной знаходзіўся чалавек у масцы, але ён са мной не размаўляў. Потым я слухала, як дапытваюць майго мужа, але канкрэтныя пытанні я не чула.
Пасля гэтага прыйшлі да мяне і сказалі, што мой муж ва ўсім прызнаўся: што мы нібыта прыехалі фіксаваць дыслакацыю расійскай тэхнікі на тэрыторыі вобласці, для чаго рабілі адпаведныя фатаграфіі на вакзале. Потым, як мне сказалі, мы нібыта хацелі пусціць цягнік пад адхон, фінансаваць экстрэмісцкую дзейнасць на тэрыторыі Беларусі. Нас вінавацілі ў тым, што мы нібыта працавалі на спецслужбы Украіны. Увогуле, мы шпіёны, тэрарысты, экстрэмісты. Але абвінавачванне не было на чым будаваць. Яны знайшлі фота мужа на фоне вакзала — ён сфатаграфаваўся на памяць», — расказвае Вольга.
«Білі ў жывот і па галаве — проста, нічога не тлумачачы»
У гэты час у суседняй камеры знаходзіўся Мікалай. Ён падрабязна расказвае пра тое, што адбывалася за сцяной ад жонкі:
«Мяне прывялі ў падвал, паставілі на калені, нагу за нагу, рукі за спінай у кайданках і сказалі так стаяць на бетоннай падлозе. Я так стаяў гадзіны з дзве, напэўна. Два супрацоўнікі ў масках хадзілі вакол. Калі я спрабаваў неяк змяніць позу, то атрымліваў удар альбо ў жывот, альбо па галаве ў вобласць патыліцы.
Пасля моцнага ўдару па галаве я ўпаў. Мяне спрабавалі паставіць назад, але я не мог стаяць на каленях. Тады яны прынеслі жалезны стул і пасадзілі мяне на яго. Сцяжкамі прыматалі ногі да стула, а рукі ўсё яшчэ былі ў кайданках. Так я прасядзеў яшчэ гадзін з шэсць.
Я прасіў аслабіць кайданкі, але яны смяяліся. А потым аказалася, што на правай руцэ так моцна зацягнулі, што кайданкі зламаліся. Яны не ведалі, як іх зняць, і казалі: мы зараз табе руку адпілуем. У гэты час білі ў жывот і па галаве ў патыліцу — проста, нічога не тлумачачы.
Яшчэ праз гадзіны са дзве прыйшоў супрацоўнік у масцы і сказаў: «Мы ўсё ведаем, ты шпіён, мы паглядзелі твой тэлефон». Таксама сказаў, што мая жонка нібыта ўсё расказала. Ён паабяцаў яе адпусціць, калі я буду даваць паказанні, што я шпіён. Я сказаў, што я не шпіён і ніколі ім не быў. Але яны крычалі, што яны ўсё ведаюць і жонка ўсё расказала.
Таксама сказалі, што аднаго сына арыштавалі на тэрыторыі Расіі, калі ён ехаў у цягніку ў Беларусь, а іншага ФСБ выкрала на тэрыторыі адной з еўрапейскіх краін. Ну, гэта трызненне!
Потым зноў казалі, што я працую на ўкраінскія спецслужбы. Пыталіся, ці ведае жонка пра гэта, ці яна таксама працуе са мной. Я казаў, што гэта поўнае трызненне, але мне ніхто не паверыў.
Праз некалькі гадзін яны зноў прыйшлі і пачалі збіваць мяне, задаючы адныя і тыя ж пытанні. Выбівалі паролі, яўкі, псеўданім, куратара, заданні — і гэта ўсё па крузе».
Так Мікалая дапытвалі і збівалі да позняга вечара, пасля чаго яго павялі на паліграф. Гэты допыт, паводле ацэнак мужчыны, доўжыўся каля чатырох гадзін.
«Аказалася, па сведчаннях паліграфа, што я працую на ўсе спецслужбы — ад СБУ да разведкі шэрагу еўрапейскіх краін. Раніцай мяне адвялі ў міліцыю і сказалі: ён такі тугі, што будзем па-іншаму працаваць».
Вольгу, як і мужа, таксама адправілі на допыт на паліграфе:
«У дачыненні да мяне таксама быў пастаянны прэсінг. Мне сказалі, што маё дзіця арыштаванае і знаходзіцца ў супрацоўнікаў ФСБ, што яго там збіваюць і здзекуюцца з яго. Таму я павінна прызнацца ў дзеяннях, у якіх мяне абвінавачваюць. Я сказала, што гэта поўнае трызненне і глупства. Мяне ніхто слухаць не стаў, і мяне падключылі да дэтэктара. Мне задавалі пытанні: на якія спецслужбы я працую, якую інфармацыю я перадавала…
Прайшла ці не я гэты паліграф — я не ведаю. Мне надзелі кайданкі і перавялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Каля дзевяці гадзін вечара мяне змясцілі ў карцар. Але за што мяне затрымалі, што адбылося — па сутнасці, мне ніхто так і не расказаў».
Фота ілюстрацыйнае
«Кожны дзень мяне выводзілі па падвале і катавалі»
На наступны дзень допыты і ціск на Вольгу і Мікалая працягнуўся. Жанчына ўспамінае:
«Прыехалі тыя ж людзі ў масках. Я разумела, што гэта Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Зноў допыт. Я ім расказала ўсё з 2014 года: як я жыла на акупаванай Расіяй тэрыторыі, потым у іншым месцы Украіны… Яны мяне выслухалі, усё зафіксавалі і назад адправілі ў камеру».
У гэты час Мікалаю сказалі, што яго жонку адпусцілі ўжо. Калі пачаўся працоўны дзень у міліцыі, то яго зноў адвялі ў падвал.
«Мяне прывялі ў маленькую камеру без акна і рукамыйніцы — толькі дзірка для туалета і шконка, прышпіленая да сцяны. Там я быў да сярэдзіны чэрвеня. Кожны дзень мяне выводзілі на допыт па падвале і катавалі. Распраналі… І ў мяне арганізм не вытрымліваў… Потым я прыбіраў гэта ўсё сваім адзеннем. Потым мяне падымалі назад у камеру».
Пару ўтрымлівалі ў ізалятары і выводзілі на допыты так, каб яны не перасякаліся паміж сабой. У ІЧУ Вользе не выдавалі ні матрац, ні падушку, доступу да вады ў яе таксама не было:
«Там мяне трымалі ў карцары, дзе толькі крэсла пасярэдзіне камеры стаяла. Ложак быў прышпілены да сцяны: яго апускалі а дзясятай гадзіне вечара і падымалі а шостай гадзіне раніцы. Кожную раніцу пачыналася з праслухоўвання гімна Беларусі: носам у сцяну, рукі назад. Мне давалі на дзень два літры вады ў бутэльцы і казалі: хочаш — пі, хочаш — мыйся. Мне яшчэ акно адчынялі, каб было холадна. Чэрвень быў вельмі халодны ў Беларусі, таму я захварэла там».
У сярэдзіне чэрвеня канваір сказаў Мікалаю, што яго жонку павінны адпусціць.
«Я думаю: пратрымаюся цяпер крыху, галоўнае, каб яе адпусцілі. Калі нас затрымалі, я пытаўся пра консула або адваката, бо мы грамадзяне іншай краіны. Але супрацоўнікі засмяяліся і адказалі, што я ніколі нікога не ўбачу».
«Ты, хахлушка, пі*здзіш, мы табе не верым»
Вольгу сапраўды пратрымалі каля тыдня і адпусцілі, вярнуўшы ўсе асабістыя рэчы, якія ў яе забралі пры затрыманні. Ёй сказалі, што яе муж знаходзіцца на волі. Але калі яна вярнулася дадому, то там было ўсё зачынена, а мужа нідзе не было.
«Я пайшла да сямейнай пары, у якой мы раней з мужам арандавалі жыллё, таму што больш няма да каго было ісці. Яны параілі раніцай пайсці ў міліцыю і заявіць, што прапаў муж — няхай шукаюць. Раніцай я так і зрабіла. Супрацоўніца міграцыйнай службы, якая займалася нашай рэгістрацыяй, патэлефанавала кудысьці. Але прыйшоў супрацоўнік з кайданкамі і сказаў: «Ты едзеш з намі», — узгадвае Вольга.
Жанчына пыталася, на якой падставе яе зноў затрымліваюць, але ніхто ёй нічога не патлумачыў. Яе зноў абшукалі, забралі ўсе рэчы і павезлі ў адзін з абласных цэнтраў Беларусі. У чэрвені Вольгу прывезлі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта былі выхадныя, таму ўвесь гэты час жанчына знаходзілася ў няведанні.
«У панядзелак прыехаў супрацоўнік КДБ і забраў да сябе ў будынак. Там ён сказаў, што мне пагражае 24 гады пазбаўлення волі за шпіянаж, экстрэмізм, тэрарызм. Нібыта ў іх ёсць усе доказы, што муж ва ўсім прызнаўся, а мне трэба цяпер супрацоўнічаць з імі, інакш майму дзіцяці будзе вельмі дрэнна, таму што яго «апусцяць», будуць біць. Гэта жах, што яны казалі.
Я даносіла ім інфармацыю, што мы з мужам і сынам не з'яўляемся шпіёнамі і не супрацоўнічаем ні з адной выведкай свету, але яны мяне зноў пасадзілі на паліграф — правяралі кожнае слова, якое я казала. Мне Кдбшнікі казалі: «Ты, хахлушка, пі*здзіш, мы табе не верым». Дык гэта ўсё праз тое, што ў мяне ўкраінскі пашпарт? А калі б іншай краіны быў?» — дагэтуль у неразуменні кажа жанчына.
«Надзявалі поліэтыленавы мяшок на галаву і зацягвалі яго»
У гэты час Мікалая таксама прывезлі ў абласны цэнтр, але адразу пасля афармлення ў ІЧУ яго забралі супрацоўнікі КДБ. Мужчына з цяжкасцю расказвае, што з ім адбывалася далей:
«У будынку КДБ мяне зноў завялі ў падвал. Да мяне прыйшоў начальнік, яшчэ адзін супрацоўнік і людзі ў масках. Яны мне сказалі, што ўсе ўжо ведаюць і нібыта сачылі за намі, як толькі мы ў Беларусь прыехалі. Яны настойвалі, каб я расказваў усё сам, а яны параўнаюць гэта з тым, што ўжо ведаюць. І сказалі, што калі буду хлусіць, то сяду разам з жонкай і сынам. Я паспрабаваў растлумачыць, што я нічога не рабіў, але мяне не слухалі».
Мікалая прапаноўвалі абмяняць на разведчыка Беларусі, на што мужчына адказаў, што не ўяўляе аператыўнай каштоўнасці і з іх будуць смяяцца іх візаві.
«Зноў пачаліся катаванні ў падвале… Надзявалі поліэтыленавы мяшок на галаву і зацягвалі яго. Я сяджу ў трусах на крэсле з кайданкамі, якія надзетыя праз рэбры крэсла, яны зацягваюць мяшок на шыі, і мне дыхаць няма чым. Калі мяшок моцна прыліпаў да твару, што ўжо ўздыхнуць было немагчыма, я матаў галавой, але гэта не дапамагала…
Калі я губляў прытомнасць, то яны разрывалі мяшок і білі па вушах шмат разоў. Адначасова па двух вушах і па патыліцы пляскалі шмат разоў. Я падаў з крэсла, але мяне падымалі і ўсё па новай шмат разоў.
Мяне паднялі ў кабінет і спыталі, ці буду я далей маўчаць. Але я ж не рабіў нічога. Тады мне сказалі падумаць да заўтра і вярнулі ў тую маленькую камеру ў ІЧУ. Там пастаянна гучна-гучна грала музыка. Мяне распранулі і знялі абутак, каб я басанож па бетоннай падлозе хадзіў.
Там мяне трымалі каля 90 дзён. Праз дзень мяне катавалі па-рознаму і вазілі на допыты. А калі зразумелі, што я нічога не скажу, то прывезлі маю жонку і сказалі, што цяпер яе будуць катаваць. Я прасіў яе не мучаць. На гэта начальнік сказаў, што яе не будуць мучаць — ёй знайшлі іншае прымяненне.
Ён мне пачаў паказваць фатаграфіі нібыта з ёй — з жанчынай, падобнай на маю жонку. Таксама ён паабяцаў яшчэ паказаць відэа і сказаў, што яна ў мяне прыгожая — «такі тавар хахлушка-пае*ушка ў нас у цане, хоць пацешымся».
Потым пачалі ціснуць, што сын арыштаваны таксама. Гэта працягвалася вельмі доўга. Мне не давалі спаць, за ноч па тры разы быў пад'ём».
Фота ілюстрацыйнае
«Калі я не падпішу, што я шпіён, то яна памрэ на аперацыйным стале»
У карцары ІЧУ, дзе Мікалая ўтрымлівалі паміж допытамі з катаваннямі, як і жонцы, стварылі жорсткія ўмовы.
«Ваду ў карцары мне ўключалі адзін раз на некалькі сутак, каб я мог там прыбраць. Але я проста не прымаў ежу — самі разумееце… Туалетнай паперы ў мяне не было.
Я папрасіў у ахоўніка мыла, каб памыць унітаз і хоць з яго ваду можна было піць. Мяне ўвесь час запалохвалі і пагражалі. Вазілі пастаянна ў КДБ. Праз нейкі час сказалі, што жонцы трэба тэрмінова рабіць аперацыю, і калі я для пачатку не падпішу, што я шпіён, то яна памрэ на аперацыйным стале. А калі я прызнаю хоць гэта, то яе выратуюць. Тады я пагадзіўся падпісаць, таму што я ведаю, што ў 2016 годзе ёй ужо рабілі аперацыю і яна тады ледзь не загінула. Гэта была іх першая перамога», — расказвае мужчына.
Вольга кажа, што ёй сапраўды рабілі аперацыю і ўспамінае гэта:
«У абласным цэнтры мяне вазілі рабіць аперацыю па-жаночаму. Па-добраму, мне патрэбна была шпіталізацыя, але супрацоўнікі канвою, якія мяне суправаджалі ў бальніцу, адмовіліся, таму што не было каму мяне ахоўваць. У гінекалагічным крэсле мяне рэзалі, чысцілі і зноў адправілі ў гэтую турму. Мне сказалі, што раз у мяне медыцынскай страхоўкі няма, то і плаціць за мяне ніхто нічога не будзе. Але дзяжурны прынёс таблеткі і сказаў, што мне трэба іх будзе піць — я не ведаю, хто мне іх купіў».
«Я пачала чуць гукі і з'язджаць з глузду»
Жанчыну ўтрымлівалі ў ІЧУ ў адным з абласных цэнтраў Беларусі ў антысанітарных нечалавечых умовах:
«У ізалятары мне давалі кавалак гаспадарчага мыла, кавалачак туалетнай паперы. У іх нейкі разлік — я не разумею толькі, хто так вылічыў — на дзень чалавеку прадугледжана паўтара метра туалетнай паперы. Ну а ежа — якая там у турме ежа…»
Увесь гэты час жанчына знаходзілася ў адзіночнай камеры, што, па яе словах, пачало адбівацца на псіхалагічным стане:
«Я пачала чуць гукі і з'язджаць з глузду. Яны за мяне спалохаліся, можа быць, і перавялі ў камеру да дзяўчат. Там было дзевяць дзяўчат, затрыманых на «суткі» за распіццё алкагольных напояў, хуліганства і г. д.
Я адзін раз папрасілася на прыём да начальніка ІЧУ, каб ён мне патлумачыў, у чым мяне канкрэтна абвінавачваюць. Калі я да яго прыйшла, то ён мне сказаў (даслоўна): «Ты еб*ная тэрарыстка, і твой муж таксама, ты кончаная, вы мне хутка тут наогул не патрэбныя будзеце, і табе нічога не прадугледжана: ні перадачы, ні званкі, ні адвакаты, ты тут ніхто і зваць цябе ніяк». Ён сказаў, што мне таксама ніхто не скажа, дзе мой муж знаходзіцца».
Вольга ўтрымлівалася без перадач і пасылак, без зменнай бялізны і сродкаў гігіены. Некалькі разоў да яе прыязджалі з допытамі і ўдакладняючымі пытаннямі.
«У адзін з дзён мяне паднялі ў кабінет. У кабінеце, у які мяне адвялі, сядзеў нейкі хлопец. Ён спытаў: «'Хочаш кнігі?» Бо мне нічога не давалі. Вядома, я хацела кніжкі. Тады ён сказаў пісаць на аркушы паперы: «Я жывая, са мной усё добра». З гэтым аркушам ён паставіў мяне каля сцяны і сфатаграфаваў. Я спытала, куды гэта фатаграфія пойдзе. На што ён адказаў, што мяне шукаюць, але больш яны нічога сказаць не можа. Я папрасіла пагутарыць з дзіцём, але ён сказаў, што мне нічога нельга — мне ўсё забаронена: адвакаты, консул, наогул нічога нельга. Кажа: ты тэрарыстка — табе нічога не прадугледжана».
Агулам жанчыну ўтрымлівалі ў ізалятарах часовага ўтрымання паўгода.
«За гэты час у душ мяне зводзілі разоў з шэсць — і столькі ж на двор. Усё мне было забаронена: зносіны, перапіскі… Мая вопратка ўся разарвалася. Калі мяне перавялі да дзяўчат у камеру, то хтосьці з іх даў трусы, хтосьці — зубную шчотку. Яны стараліся хоць чымсьці дапамагчы. Таму што прыйшла я ў рызманах. Ніжняя бялізна да такой ступені парвалася, што я ўжо старалася яе проста не апранаць.
Я знаходзілася ў ізалятары ўвесь час, але ўсё роўна ўвесь час мяне даглядалі, кожны дзень трэба было распранацца і прысядаць голай. Пры гэтым ніхто нічога мне не тлумачыў — колькі я буду там знаходзіцца, у чым мяне абвінавачваюць», — расказвае Вольга.
Фота ілюстрацыйнае
«Сказаў, што падарылі маю жонку на выхадныя адміністрацыі чыгункі»
Увесь гэты час працягваліся допыты і катаванні Мікалая.
«Неяк супрацоўнік КДБ сказаў мне, што адвёз маю жонку ў пансіянат КДБ нібыта ў дом адпачынку. І яна цяпер там усіх абслугоўвае… І пачаў мне паказваць адпаведнае відэа…»
Наступная сустрэча Мікалая і гэтага супрацоўніка адбылася ў пачатку жніўня. Да гэтага часу мужчыну выводзілі на допыты з іншымі супрацоўнікамі.
«Той супрацоўнік прыехаў і сказаў, што я нібыта рабіў гэта і гэта [агентурную дзейнасць, тэрарызм і інш. — заўв. рэд.]. Я сказаў яму, што я гэтага не рабіў. Тады ён спытаў: «Жонку выратаваць хочаш ад таго, што яна робіць? Тады падпісвай!» Але я казаў, што не веру ім.
Ён усміхнуўся і сказаў, што цяпер будзе Дзень чыгуначніка і яны падарылі маю жонку на выхадныя адміністрацыі чыгункі. Адвезлі яе ў лазню. Сказаў, што прывязе мне відэа з тым, што яна там робіць… І з'ехаў. Я за гэтыя дні ледзь з глузду не з'ехаў.
Праз некалькі дзён ён прыехаў і пачаў мне паказваць відэа там, дзе нібыта мая жонка з гэтымі мужыкамі… Я нават казаць не хачу гэта… Супрацоўнік казаў: «Глядзі, як ёй падабаецца». Я хацеў нешта яму адказаць, але замест гэтага толькі мычаў… Я перастаў тады наогул размаўляць».
Мікалай узгадвае, што пасля гэтага былі яшчэ допыты. Мужчына настойваў, што не верыць, што на відэа яго жонка і спадзяваўся, што яе ўсё ж адпусцілі. Але ў верасні яму прынеслі яе фота з лістом, дзе напісана яе рукой: «Я жывая, са мной усё добра».
«Але на фота ў яе быў такі твар — погляд убок быў адвернуты. Супрацоўнік мне сказаў: «Глядзі, яна нават на цябе глядзець не хоча, ты ёй не патрэбны». На фота яна была ў сукенцы на голае цела. Ён сказаў, што яна якраз пасля душа… Разумееце, гэта ўсё так падобна было?! У мяне ўжо пачалося расстройства псіхікі. Мяне чымсьці лячылі і калолі нешта, але мне нічога не дапамагала. Супрацоўнікі ІЧУ мяне хацелі ў псіхушку адвезці, але КДБ не дазволіла».
«Не ўяўляю, што трэба зрабіць з чалавекам, каб ён пачаў так заікацца!»
Па словах Вольгі, яе ўвесь час шантажавалі на допытах нібыта арыштаваным сынам:
«Яны мяне прасілі рабіць з майго тэлефона званкі сябрам мужа. Я пагадзілася на той умове, што я змагу патэлефанаваць маме. Я прасіла пры іх патэлефанаваць і сказаць, што я жывая і ўсё. Галоўнае, каб яна не хвалявалася.
Мяне вывезлі на вуліцу і сказалі, што гэта на выпадак, калі папросяць уключыць камеру, і каб бачылі, што я на волі. З размовы з мамай я зразумела, што маё дзіця на волі і ніхто яго нікуды не забіраў. А людзі ў масках хлусяць.
Яны ціснулі на мяне дзіцём. Супрацоўнікі пісалі паведамленні, якія я павінна была чытаць сябрам мужа, і дыктавалі, што ім казаць. Я павінна была выцягнуць з іх інфармацыю, што мы агенты. Натуральна, людзі слухаючы мяне, думалі, што я шалёная, таму што я такія пытанні дзіўныя задавала».
На адным з наступных допытаў Мікалаю паабяцалі ў чарговы раз адпусціць жонку і яе сына, калі ён пагодзіцца прызнаць віну і каб яго пасадзілі аднаго.
«Я пагадзіўся. Але ў абвінавачванні пастаянна мянялі то даты, то месца, то што менавіта я рабіў. Мінімум чатыры разы цалкам усё мянялі. І калі нарэшце сабралі ўсё, каб хоць неяк было падобна, мне паабяцалі сустрэчу з жонкай. Мне сказалі, што калі я ўсё падпішу, то яе дакладна адпусцяць. Я пагадзіўся. У сярэдзіне кастрычніка нам арганізавалі сустрэчу на пяць хвілін у ІЧУ. Яна плакала і прасіла падпісаць усё, бо яна ўжо не можа там знаходзіцца. Я сказаў, што раблю ўсё, каб яе адпусцілі. Яе адвялі, і я ўсё падпісаў».
Вольга расказвае, што не пазнала свайго мужа на сустрэчы і не разумее, што трэба зрабіць з чалавекам, каб давесці яго да такога стану:
«Муж пачаў заікацца пасля ўсяго. Я калі яго ўбачыла ў ІЧУ, то я яго пазнала толькі па вопратцы. Я не ўяўляю, што трэба зрабіць з чалавекам, каб ён пачаў так заікацца! На чацвёртай стадыі анкалогіі людзі так выглядаюць… Тое, што з ім зрабілі, гэта проста кашмар! Калі мяне ламалі толькі псіхалагічна, то яго яшчэ і фізічна. Нам зламалі жыццё і выкраслілі з яго паўгода».
У сярэдзіне кастрычніка Мікалая змясцілі ў ІЧУ ў так званую «прэс-хату» з іншымі вязнямі, якія супрацоўнічаюць з органамі.
«Там было сем зэкаў, якія ведалі, што я палітычны. Яны здзекаваліся з мяне і ўдзень, і ўначы, як хацелі».
У пачатку лістапада мужчыну адвезлі да следчага КДБ, які сказаў, што цяпер будзе следчае дзеянне з панятымі і адвакатамі.
«Ён мне сказаў, што я павінен адмовіцца ад адваката. Я пагадзіўся. На камеру я павінен быў сказаць тэкст. Мне яго паўтаралі разоў з дзесяць. Калі я збіваўся, то яны выключалі камеру і нагадвалі. Я рабіў усё, што яны казалі».
Пасля некалькіх месяцаў у ІЧУ ў выніку была афіцыйна распачатая крымінальная справа супраць Мікалая за агентурную дзейнасць, шпіянаж, «тэрарызм» і «экстрэмізм», а таксама дыверсію.
«Мне зноў сказалі, што калі я падпішу, то маю жонку адпусцяць. У сярэдзіне лістапада ў нас была апошняя сустрэча з жонкай, на якой мне сказалі развітвацца з ёй. Я развітаўся і мяне перавялі ў следчую турму. У камеры, куды мяне перавялі, усе ўжо ведалі, што я палітвязень. Там было 17 чалавек. Таксама былі здзекі…
У адзін з дзён супрацоўнік КДБ прыйшоў і сказаў: «Твая жонка жыве ў мяне і цяпер яна мая палюбоўніца». Зноў паказваў яе фатаграфіі… Гэта доўжылася пастаянна… Было жудасна. У турме я быў два разы ў карцары».
Аўтобус, на якім сустракалі палітвязняў з Беларусі. Фота: украінскія СМІ
«Я яшчэ доўга не магла паверыць, што мяне вызвалілі»
У канцы лістапада Вольгу пабудзілі а трэцяй гадзіне ночы і сказалі збірацца. Унізе яе сустрэлі людзі ў масках, якія завязалі ёй вочы, надзелі кайданкі і пасадзілі ў мікрааўтобус. Жанчыну доўга везлі ў такім стане, а калі знялі павязку з вачэй, то яна ўбачыла ўкраінскі аўтобус «Координаційний штаб з питань полонених». Вызваленне стала для Вольгі нечаканым.
«Я думала, што мяне вязуць у турму зноў, бо мяне на гэта настройвалі. Я так разумею, нас на кагосьці памянялі. Мы сталі таварам. Я ў іх там яшчэ пыталася: чаму вы, нібыта нейтральная краіна, адстойваеце інтарэсы Расіі тут? Нас абвінавачваюць у тым, што мы працуем на ўкраінскія спецслужбы. То-бок гэта не незалежная рэспубліка, а вельмі нават залежная? Вядома, я адказу ніякага не атрымала».
Дарога заняла каля пяці гадзін. У пашпарт Вользе паставілі дэпартацыю з Беларусі і забарону на ўезд на пяцьдзясят гадоў.
«Калі нас забраў украінскі бок, то я яшчэ доўга паверыць не магла, што мяне вызвалілі. Я ж не ведала, што ідуць нейкія абмены. У ІЧУ мне расказвалі, што Кіеў ужо разбамбілі, паловы Украіны няма, што яе захапіла Расія, але мы пад'язджаем аўтобусам да Кіева, гляджу, а там жыццё ключом б'е, людзі шпацыруюць, усё працуе».
За гэты час Вользе афіцыйна не выставілі ніякіх абвінавачванняў, яна не падпісвала ніякіх дакументаў. На руках у жанчыны толькі паперы аб яе ўтрыманні ў ІЧУ.
«Я толькі чула ад іх выразы: «Мне расказвалі, што вы павінны былі нешта спансіраваць», «вам даваліся нейкія ўказанні з-за мяжы»… Казалі, што мы працуем то на знешнюю ўкраінскую разведку, то на ўнутраную, то мы фатаграфіі рабілі, то перадавалі геаданыя на тэрыторыю Украіны. Увогуле, поўнае трызненне! Яны такое ўжо надумвалі, што жах! Мне казалі, каб я рыхтавалася, што мяне асудзяць на 24 гады, бо я іду як саўдзельніца свайго мужа».
Праз некалькі тыдняў Мікалая вывелі з карцара і павезлі на ўкраінскую мяжу. Яго вызвалілі ў складзе 123 палітвязняў і пяці грамадзян Украіны.
«Яны такое робяць там з людзьмі! Я нават не ведаю, як гэта ўсё апісаць, каб людзі прачыталі і зразумелі гэта… Я іду ў туалет, а яны мяне мачой зверху абліваюць. На допыце мяне саджалі на крэсла з дзіркай пасярэдзіне для інвалідаў. Мяне ўсаджвалі на гэтае крэсла і білі па пахвіне нагамі альбо палкамі», — успамінае ўсё новыя факты здзекаў мужчына.
Фота ілюстрацыйнае
«Ніводзін чалавек не напісаў, што там такое адбываецца»
Зараз Вольга і Мікалай праходзяць рэабілітацыю з дапамогай украінскіх спецыялістаў.
«Нам вельмі дапамагаюць. Я вельмі прыемна здзіўленая, што столькі людзей праявілі да нас такі клопат. Для многіх дзіўна, што мы прыехалі з палону беларускага, але ж ваююць жа Украіна і Расія. Гэта выклікае дысананс. Людзі не разумеюць, пры чым тут Беларусь. Але і я ж не разумею сама гэтага», — кажа жанчына.
Вольга і Мікалай кажуць, што настаялі на інтэрв'ю не дзеля сябе — ім важна, каб як мага больш людзей ведалі, што ў Беларусі адбываецца насамрэч.
«Я хачу, каб як мага больш людзей разумела, што насамрэч адбываецца ў Беларусі. Перад тым, як ехаць туды, я мела зносіны з украінцамі, якія жывуць у Беларусі, ніводзін чалавек чамусьці не напісаў, што там такое адбываецца. Я нават не падазравала пра гэта. Усе пісалі, як там класна, што ёсць праца, якія людзі добрыя і любяць украінцаў. Усе пісалі як пад капірку.
Але, сутыкнуўшыся з тым, што там адбываецца, паглядзеўшы, як выконваецца закон, колькі ўлады ў міліцыі і КДБ… Гэтая ўлада нічым не абмежаваная — яны робяць, што хочуць! Людзей садзяць у турмы проста па надуманых падставах. Гэта нейкая міліцэйская дзяржава!» — кажа Вольга.
«Я заікаюся, мне цяжка, але я ўсё роўна хачу гэта ўсё расказаць», — дадае Мікалай.
Чытайце таксама:
«Яны выдыхнулі з палёгкай, пазбавіўшыся мяне». Аляксандр Фядута расказаў, што з ім было ў калоніі
Былая палітзняволеная Ганна Курыс: Я плакала, бо мне не далі ні з кім па-людску развітацца