БЕЛ Ł РУС

Гістарычны будынак прадаюць за 42 рублі ва Ушацкім раёне

29.12.2025 / 15:13

Nashaniva.com

На пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць» у студзені адбудзецца аўкцыён па продажы сядзібы ва Ушацкім раёне. Будынак плошчай 705 квадратных метраў, размешчаны побач з азёрамі, ацанілі ўсяго ў 42 рублі, піша Realt.by.

Сядзіба «Малыя Дольцы» знаходзіцца ў вёсцы Новае Жыццё. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці яна атрымала толькі ў 2020 годзе. Да 2013 года тут размяшчалася кантора мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства.

Аднак калі зазірнуць глыбей у гісторыю, можна даведацца, што сядзібны дом быў пабудаваны ў 1848 годзе, а да пачатку ХХ стагоддзя сядзіба належала роду Сушчынскіх. У 1909 годзе тут была створана і пастаўлена адна з першых беларускіх п’ес — «Міхалка».

Зараз будынак плошчай 705 квадратных метраў закансерваваны. Гэта капітальнае мураванае збудаванне з падвалам, мезанінам і прыбудовай. Аконныя праёмы зачынены (закладзены блокамі), дах накрыты шыферам. Гэтыя меры дазволілі абараніць цэнтр маёнтка ад вандалізму і далейшых разбурэнняў. Побач захаваліся фрагменты старадаўняга парку.

Сядзіба размешчана ў цікавым месцы — непадалёк працякае рака Ушача, побач знаходзяцца тры возеры і лес. Да сядзібы адносіцца зямельны ўчастак плошчай 11,48 соткі, які прадастаўляецца ў арэнду тэрмінам на 50 гадоў.

Новы ўладальнік зможа выкарыстоўваць зямельны ўчастак для вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці і размяшчэння аб’ектаў вытворча-дзелавога прызначэння, сельскагаспадарчых аб’ектаў, а таксама для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрнага жылога дома.

Аўкцыён адбудзецца на пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць» 23 студзеня 2026 года. Пачатковы кошт — 42 рублі.

Цікава, што яшчэ некалькі гадоў таму рынкавая вартасць дома складала 115 тысяч рублёў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула