Неабходныя 15 тысяч еўра для мамы Кацярыны Ваданосавай сабралі за два з паловай дні
Неабходныя 15 тысяч еўра для маці Кацярыны Ваданосавай сабралі за два з паловай дні. Кацярына падзякавала за гэта і напісала, што сёння будзе займацца бюракратычнымі працэдурамі.
Фота Нэлі Ваданосавай з фэйсбука дачкі
23 снежня ў мамы Кацярыны здарыўся інсульт. Дактары аператыўна прыехалі, адвезлі ў бальніцу, правялі аперацыю, Аднак высветлілася, што Упраўленне па справах іншаземцаў не ўнесла пажылую жанчыну ў базу застрахаваных, а на вялікіх выходных спраўдзіць гэту акалічнасць было немагчыма.
Кацярына выказала засцярогу, што рахунак за аперацыю і іншыя медыцынскія маніпуляцыі можа скласці ад дзясяткаў да сотняў тысяч злотых. Таксама мама Кацярыны была ў вельмі кепскім стане, падключана да апаратаў і не выключана, што памрэ.
Пасля таго, як Ваданосава напісала гэты пост на сайце «Байсола» з'явілася інфармацыя пра дабрачынны збор на €15 000.
- Экстранная дыягностыка і прыём у бальніцы — каля €2 000 — €3 000
- Тэрміновая аперацыя — €3 000 — €5 000
- Рэанімацыя і штучная вентыляцыя лёгкіх — €2 500 — €3 000
- Іншыя медыцынскія выдаткі — каля €1 500
- Арганізацыя пахавання — каля €3 000
Па стане на раніцу панядзелка сабрана 15 240 еўра.
Кацярына ўсім падзякавала і кажа, што сёння ў першы працоўны дзень мусіць атрымаць хаця б прыкладны рахунак, бо не ведаю, колькі каштуе ўсё тое, што рабілі і робяць лекары.
«Таксама мушу выбіць лекарскае засведчанне, каб перадаць яго адвакатцы, якая паедзе спачатку ў суд, потым ва Ўжонд па справах уцекачоў (спадзяюся). Я ў гэты час, калі нас яшчэ не напаткае смерць, паеду ў Акно на Ўсход— арганізацыю, якая дапамагае эмігрантам. Паспрабую з іх дапамогай дамагчыся адказу на пытанне, чаму маці не вызначаная ў Петрамедыцы як застрахаваная асоба, і як гэта змяніць, бо па законе яна мусіць быць забяспечаная. Дзесьці на шляху бюракратычная машына забуксавала, што ў тым ліку прывяло да той кропкі, дзе мы зараз знаходзімся», — напісала яна.
«Калі я даведаюся, колькі грошай спатрэбіцца дакладна, я напішу. Калі будзе так, што страхоўку-такі адновяць, і яна пакрые ўсё, то я вазьму толькі трошкі — на пахаванне. Астатняе пойдзе на іншую дабрачыннасць», — дадала Кацярына Ваданосава.