БЕЛ Ł РУС

Усё, акрамя Данбаса і яшчэ пары пунктаў. Пра што дамовіліся Дональд Трамп і Уладзімір Зяленскі ў Фларыдзе

29.12.2025 / 8:8

Nashaniva.com

Прэзідэнты ЗША і Украіны Дональд Трамп і Уладзімір Зяленскі пасля трохгадзінных перамоваў у Фларыдзе заявілі, што дасягнулі вялікага прагрэсу на шляху да міру з Расіяй. Аднак галоўнае пытанне так і засталося нявырашаным: Пуцін патрабуе Данбас, Зяленскі — супраць, а Трамп настойвае на здзелцы. На гэты раз амерыканскі і ўкраінскі прэзідэнты кажуць пра некалькі тыдняў, пасля якіх параметры мірнага пагаднення будуць значна больш выразнымі, піша Бі-бі-сі.

Фота Joe Raedle / Getty Images

Цудоўная размова амаль пра ўсё

Перад сустрэчай з Дональдам Трампам Уладзімір Зяленскі казаў, што гэта будзе «адзін з самых актыўных дыпламатычных дзён года», пры гэтым «многае» можа вырашыцца яшчэ ў 2025-м.

Перамовы амерыканскай і ўкраінскай дэлегацый у прыватнай рэзідэнцыі Дональда Трампа Мар-а-Лага ў Фларыдзе працягваліся каля трох гадзін. Па іх выніках Трамп адразу заявіў, што яны былі «выдатнымі» і што гэта была «цудоўная размова», якая значна наблізіла заканчэнне расійска-ўкраінскай вайны.

Паводле яго слоў, мірнае пагадненне блізка, бакі ўзгаднілі каля 95% умоў. Зрэшты, сам жа ён і дадаў, што не вырашаным засталося ключавое пытанне — каму будуць належаць рэгіёны Данбаса.

Гэтае пытанне Дональд Трамп назваў «найважнейшым», і тут бакі, па яго меркаванні, пакуль яшчэ «набліжаюцца да пагаднення».

Уладзімір Зяленскі па выніках перамоваў даў зразумець, што пытанне Данбаса ўсё яшчэ максімальна актуальнае, і пазіцыя Украіны з гэтай нагоды «ясная і адрозніваецца ад расійскай».

Для Украіны, заявіў пасля перамоваў Зяленскі, «ключавым этапам на шляху да дасягнення трывалага міру» з'яўляюцца гарантыі бяспекі для краіны, а не тэрытарыяльнае пытанне.

Ён удакладніў, што ўкраінская каманда працягне працаваць над гэтым пунктам пагаднення з еўрапейскімі палітыкамі, але там, паводле яго слоў, трэба «завяршыць усе пытанні, якія абмяркоўваліся», а адбыцца гэта можа ў найбліжэйшыя тыдні.

Трамп і пасля перамоваў настойваў, адказваючы на пытанні СМІ, што заключыць здзелку па тэрыторыях лепш як мага хутчэй. Ён сказаў, што Украіна праявіла «вялікую адвагу <…> і нанесла велізарную шкоду [праціўніку]», але канфлікту «пара пакласці канец»

Прэзідэнт ЗША нават сказаў пра гатоўнасць выступіць перад парламентам Украіны, тлумачачы неабходнасць мірнага пагаднення. Уладзімір Зяленскі на гэта дыпламатычна адказаў: «Вам заўсёды рады».

Данбас — і «не марудзячы»

Расія лічыць пытанне прыналежнасці рэгіёнаў Данбаса галоўным для сябе. Уладзімір Пуцін выказаў сваю пазіцыю ў тэлефоннай размове з Дональдам Трампам, якая адбылася ў той жа дзень незадоўга да сустрэчы з Зяленскім.

Пуцін заклікаў Трампа арыентавацца на «разуменні», дасягнутыя паміж імі ў Анкорыджы — хоць пра важныя дамоўленасці тады не паведамлялася. А яго памочнік Юрый Ушакоў агучыў галоўнае патрабаванне расійскага боку: Кіеў павінен прыняць «смелае, адказнае палітычнае рашэнне <…>, якое тычыцца Данбаса».

«Гэтае рашэнне, якое тычыцца Данбаса, з улікам сітуацыі, якая складваецца на франтах, украінскаму рэжыму мела б сэнс прыняць не марудзячы», — заявіў Ушакоў.

Паводле слоў Ушакова, Пуцін і Трамп плануюць стэлефанавацца яшчэ раз — ужо па выніках перамоваў у Фларыдзе.

І Дональд Трамп, і Уладзімір Зяленскі кажуць усяго пра тыдні, па заканчэнні якіх можна чакаць рашэнняў, якія спыняць вайну.

Але гэта зноў не тычыцца Данбаса — Уладзімір Зяленскі настойвае на сваім, кажучы, што гэтае пытанне павінна быць вырашана народам Украіны або яго выбранымі прадстаўнікамі.

Гэта патэнцыйна ставіць бакі ў тупік — Украіна патрабуе спынення агню на час падрыхтоўкі і правядзення галасавання, Расія адмаўляе ёй у гэтым, а Пуцін ужо некалькі разоў паўтараў, што атрымання гэтых тэрыторый ён можа дамагчыся і ваенным шляхам.

Украінскі прэзідэнт дадаў, што любы з пунктаў мірнага пагаднення, якое абмяркоўваецца цяпер, можа быць вынесены як на рэферэндум, так і на разгляд парламентам краіны.

Трамп не выключыў, што непрадбачаныя праблемы яшчэ могуць узнікнуць. Паводле яго слоў, любы пункт з мірнага плана «магчыма, акажацца вельмі важным» і сапсуе ўсю дамову цалкам.

Адказваючы на пытанне, як хутка можа скончыцца вайна, Трамп зноў сказаў пра яснасць, якая павінна наступіць на працягу некалькіх тыдняў. Паводле яго слоў, у найбліжэйшай будучыні цалкам верагодная ўжо трохбаковая сустрэча паміж ЗША, Украінай і Расіяй: «Пуцін хоча, каб гэта адбылося. Ён мне вельмі выразна сказаў, я яму веру».

Як рэагуюць іншыя бакі на сустрэчу Зяленскага і Трампа

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула