БЕЛ Ł РУС

Памятаеце праваслаўную пару студэнткі і выкладчыка, дзе ён старэйшы на 31 год? Цяпер яны грамадзяне Ізраіля

28.12.2025 / 19:13

Арына Жураўская

Былы праваслаўны протадыякан і студэнтка-рэгентка пахваліліся новымі пашпартамі: «У аэрапорце нас павіншавалі з нараджэннем у дзяржаве Ізраіль».

Сяргей і Анфіса Федарук. Фота з іх інстаграма

Сяргей і Анфіса Федарукі сталі зоркамі сацыяльных сетак праз сваю гісторыю кахання — выкладчык быў старэйшы за сваю студэнтку на 31 год.

А гісторыя сапраўды небанальная. Сяргей больш за 30 гадоў працаваў у царкве, а таксама выкладаў у духоўным вучылішчы. Зарабляў смешныя грошы, таму ўвесь час быў вымушаны шукаць падпрацоўку. Анфіса ж з дзяцінства хацела звязаць сваю будучыню з царквой і паступіць у духоўнае вучылішча на рэгента (кіраўніцу хору).

Лёс склаўся так, што маладая дзяўчына і яе выкладчык пакахалі адно аднаго. У мужчыны на момант пачатку раману са студэнткай была сям’я: жонка і дзеці (ужо ўсе дарослыя). Анфіса тлумачыць: для Сяргея было немагчымым развесціся з першай жонкай, ажаніцца другі раз і пасля ўсяго гэтага застацца служыць. Таму трэба было абраць адзін з трох варыянтаў: расстацца з Анфісай, хаваць раман, каб захаваць сан, ці развесціся і пакінуць царкву.

Дзяўчына расказвала, што ёй самой на педагагічнай радзе раілі «быць разумнейшай» і не афішаваць адносін з каханым, каб і ён застаўся святаром, і яна атрымала дыплом.

У выніку пара абрала каханне, пабралася шлюбам і пачала актыўна весці сацыяльныя сеткі. У інстаграме сям'я Федарукоў мае агулам 62 тысячы падпісчыкаў, амаль 13 тысяч у тэлеграме, 96 тысяч у тыктоку і каля 57 тысяч на YouTube. Анфіса сцвярджае, што зарабляюць яны менавіта як блогеры.

Бацькі Анфісы спачатку добра паставіліся да зяця, які быў іх равеснікам. Пасля яны ўсё ж амаль спынілі адносіны з дачкой і яе абраннікам праз канфлікты.

Нядаўна дзяўчына пахвалілася тым, што разам з мужам атрымала грамадзянства Ізраіля: «У аэрапорце нас павіншавалі з нараджэннем у дзяржаве Ізраіль. Гэта ўсё вельмі міла, канешне».

У гэтай краіне ў Сяргея жыве маці і шмат сваякоў. Але ён доўга хаваў такі факт сваёй біяграфіі. Анфіса сцвярджае, што і сама не адразу даведалася: «Я не ведала, што ён габрэй, яшчэ паўгода пасля пачатку нашых адносін, ён старанна хаваў ад мяне і ад усіх астатніх. Так што ўсе варыянты замуж за грамадзянства — міма».

Дзяўчына расказала ў блогу, што ідэя атрымаць ізраільскія пашпарты належыць мужу. Консульскую праверку ў сям’і атрымалася прайсці толькі з другой спробы. Але цяпер Анфіса ў захапленні, бо нават яе маці не верыла, што дачка калі-небудзь зможа атрымаць грамадзянства Ізраіля. Дзяўчына ж называе новы пашпарт найкаштоўнейшым падарункам на Новы год.

Жыць Сяргей з Анфісай плануюць у Ізраілі, бо бачаць там больш магчымасцяў. 

Чытайце таксама:

«Найлепшы калядны падарунак»: беларуска перамагла бюракратыю і атрымала ў Нарвегіі пашпарт замежніка

«Я ехала ад вайны і бамбёжак»: Яўгенія Чарняўская пра пераезд на Кіпр

Яўгена Булку абвінавачваюць у махлярстве ў Дубаі на $1 мільён. А ён кажа, што сам пацярпелы

Каментары да артыкула