Ігар Тур: Больш за ўсё не спадабалася ў Германіі, у Гамбургу жахліва смярдзіць
«Абсалютная большасць жыве значна горш за нас», а няўдзячныя беларусы не цэняць гэтага, сцвярджае Ігар Тур, член лукашэнкаўскага пула, вядучы праграмы «Прапаганда».
Фота з сацсетак Ігара Тура
Тур кажа, што быў у 26 краінах - М’янма стала 26‑й краінай, дзе ён пабываў. «Беларусы і Беларусь — самыя цудоўныя», — гаворыць Тур, пры гэтым не адмаўляючы сабе ў тым, каб у лукашэнкаўскай манеры падакараць беларусаў.
«Хоць нам усё роўна заўсёды недастаткова добра і вечна чагосьці не хапае. Калі зімой шмат снегу, крычым: жах, заваліла! Калі снегу няма, пытаемся: што гэта за зіма такая бязглуздая? Калі лета гарачае, ныем: калі скончыцца гэтае пекла… Калі халоднае, патрабуем сонца. А трэба толькі зразумець, што нічога ідэальнага ў свеце не існуе. Проста куды-небудзь злятайце. Толькі хадзіце не па турыстычных маршрутах, а паглядзіце ўсё як ёсць», — раіць ён.
Ён кажа, што «абсалютная большасць людзей на планеце жывуць значна горш за беларусаў. Значна!»
А найбольш яму не спадабалася ў Германіі.
«Мы былі ў Гамбургу, і гэта максімальна брудны горад, дзе жудасна смярдзіць і шмат бамжоў. Часта з гэтым сутыкаўся: тое, што ў нас многія лічаць за рай, на паверку аказваецца прамой супрацьлегласцю. Пападарожнічаўшы па планеце, разумееш, як нам пашанцавала нарадзіцца і жыць у Беларусі».