Міндзіча — фігуранта гучнай карупцыйнай справы ва Украіне і паплечніка Зяленскага — знайшлі ў Ізраілі. Што ён сказаў?
У Ізраілі журналісты знайшлі і іншага фігуранта справы бізнэсоўца Аляксандра Цукермана.
Цімур Міндзіч. Скрыншот відэа «Украінскай праўды»
Ва Украіне ў лістападзе разгарэўся карупцыйны скандал вакол «Энергаатама» (справа «Мідас»). Адзін з галоўных фігурантаў справы — бізнэсовец Цімур Міндзіч, суўладальнік студыі «Квартал 95» і паплечнік Уладзіміра Зяленскага.
Журналісты «Украінскай праўды» знайшлі яго ў Ізраілі. Яго сустрэлі ў элітным прадмесці Тэль-Авіва. Міндзіч пакінуў Украіну за 4 гадзіны да вобшукаў у яго. Бізнэсовец мае грамадзянства Ізраіля як мінімум з 2022 года.
Міндзіч, якога Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны (НАБУ) падазрае ў карупцыі ў сферы энергетыкі і ў дачыненні да якога ўвялі ўкраінскія санкцыі, заявіў пра вялікую медыйную атаку супраць яго і адмовіўся каментаваць юрыдычны складнік справы.
Ён заявіў «Украінскай праўдзе», што ёсць «вялікі медыйны кейс, які складае каля 90% справы».
«То-бок мяне абвінавацілі, мне прыпісалі, мяне медыйна зрабілі вінаватым», — сказаў ён, дадаўшы, што ёсць і «юрыдычны кейс».
«У юрыдычным кейсе я не вельмі магу даваць каментарыі, таму што ёсць адвакаты, ёсць уся гісторыя, якую я не магу каментаваць», — сказаў Міндзіч.
Ён адмаўляе, што калі-небудзь даваў нейкія ўказанні Рустэму Умераву, які быў міністрам абароны. Пры гэтым пацвердзіў, што запіс размовы з Умеравым, якую публікавала Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны, сапраўдны, але гутарка вырваная з кантэксту.
Міндзіч сказаў, што даўно не кантактуе з Зяленскім.
Іншы фігурант справы бізнэсовец Аляксандр Цукерман у каментарыі «Украінскай праўдзе» таксама заявіў, што «дэтэктывы НАБУ разам яшчэ з некім стварылі кіно», маючы на ўвазе апублікаваныя запісы.
Што за карупцыйная справа «Мідас»
Раніцай 10 лістапада стала вядома пра тое, што НАБУ праводзіць ператрусы ў бізнэсоўца Цімура Міндзіча і ў тагачаснага міністра юстыцыі Германа Галушчанкі. Тады ж крыніцы «Украінскай праўды» паведамілі, што Міндзіч уцёк за мяжу за некалькі гадзін да ператрусу.
У той жа дзень Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны паведаміла, што выкрыла маштабную карупцыйную схему крадзяжу сродкаў у сферы энергетыкі, а таксама апублікавала аўдыязапісы перамоў фігурантаў у гэтай справе.
11 лістапада журналісты выявілі імёны ўсіх фігурантаў расследавання масавай карупцыі ў «Энергаатаме», якія атрымалі падазрэнне ад НАБУ. Паводле інфармацыі праекта «Схемы», падазрэнні атрымалі Цімур Міндзіч (якога на апублікаваных НАБУ аўдыязапісах называюць «Карлсан»), экс-дарадца міністра энергетыкі Ігар Міранюк («Рокет»), выканаўчы дырэктар па бяспецы «Энергаатама» Дзмітрый Басаў («Тэнар»), Аляксандр Цукерман («Шугармен»), Ігар Фурсенка («Рэшык»), Леся Усціменка і Людміла Зорына.
Пяць чалавек са спіса падазраваных затрыманыя. Двое — Міндзіч і Цукерман — выехалі з Украіны.
13 лістапада прэзідэнт Уладзімір Зеленскі ўвёў у дзеянне пастанову Рады нацыянальнай бяспекі і абароны аб санкцыях супраць Міндзіча і бізнэсоўца Аляксандра Цукермана.
22 лістапада стала вядома, што Украіна абвясціла ў вышук фігурантаў справы «Мідас» Цімура Міндзіча і Аляксандра Цукермана, якія падазраюцца ва ўчыненні карупцыйных злачынстваў.
Чытайце таксама:
Што вядома пра вобшукі ў кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Андрэя Ермака?
Што вядома пра расійскі след у гучнай карупцыйнай справе ўкраінскага «Энергаатама»