Балет пра Марка Шагала паставяць у Вялікім тэатры
Плануюць таксама пастаноўку пра гісторыю Полацка.
Карціна Марка Шагала «Над горадам»
У Вялікім тэатры оперы і балета ў 2026 годзе паставяць балет пра Марка Шагала.
Таксама мастацкая рада тэатра абмяркоўвае шматжанравы опус — трыа оперы, балета і харавых сцэн. Гэты праект будзе прысвечаны гісторыі Полацка і зараджэнню беларускай дзяржаўнасці. Пра гэта расказала на БТ генеральная дырэктарка Вялікага тэатра Кацярына Дулава.
Плануюць праводзіць таксама вечары аднаактавых балетаў: пастаноўкі будуць заснаваныя на матывах беларускіх легенд, казак і былін.
Над гэтымі праектамі будуць працаваць маладыя беларускія балетмайстры. Будзе выкарыстоўвацца беларуская музыка і сучасная харэаграфія з інавацыямі, каб прыцягнуць моладзь.