БЕЛ Ł РУС

«Размаўляў увесь час па-беларуску». Павел Севярынец запісаў свой першы зварот пасля вызвалення

27.12.2025 / 18:3

Nashaniva.com

Палітык і былы палітвязень Павел Севярынец стварыў сабе тэлеграм-канал. Там ён выклаў відэазварот, дзе падзякаваў усім, хто падтрымліваў яго за кратамі, і хто дапамог у Вільні пасля вызвалення і дэпартацыі з Беларусі.

Скрыншот відэа

«Вядома, тое, што нас вывезлі з Беларусі, гэта беззаконне. Але я веру ў тое, што мы абавязкова вернемся і абдымемся на роднай зямлі», — кажа Севярынец.

За кратамі ў свой апошні тэрмін ён правёў 5,5 года. Агулам у зняволенні, з улікам папярэдніх затрыманняў, палітык правёў 11 гадоў.

«Размаўляў увесь час па-беларуску, прашэнне аб памілаванні не падпісваў, віну не прызнаў. Зрэшты, не асуджаю тых, хто гэта зрабіў», — кажа Павел.

Ён таксама зачытаў свой верш «Дзеці святла».

Мы, беларусы — як дзеці,
Прывыклі не памятаць зла,
Святлей за ўсіх на свеце,
Бо мы — дзеці святла.

Любім паболей белі
Ад ложака да стала.
А што вы яшчэ хацелі:
Беларусы — дзеці святла.

Любім ясныя вочы
І белазубы смех,
Любім лён і малочку,
Любім зімою снег.

Любім бульбу і кашы,
Любім цукар і соль,
Любім ворагаў нашых,
Любім пакуту і боль.

Любім у Будславе фэсты,
Усе святы календара,
Любім, калі нявеста
У белым ля алтара.

Любім ззянне арганаў,
Любім успышкі пагонь,
І каб герой — беззаганны,
І каб ляцець — на вагонь.

Усё высвятляецца проста,
Без павелічальнага шкла:
Наша святло — гэта Госпад.
Беларусы — дзеці Святла.

Чытайце таксама:

Павел Севярынец прыехаў у Варшаву ФОТАФАКТ

З'явілася першае ФОТА Паўла Севярынца пасля вызвалення

Поўны спіс палітвязняў, вызваленых 13 снежня

Каментары да артыкула