Загінуў камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс Капусцін
Прычынай гібелі 41‑гадовага камандзіра стаў прылёт FPV-дрона на запарожскім кірунку.
Дзяніс Капусцін. Фота: wikimedia.org
На фронце загінуў Дзяніс Капусцін, камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса — фармавання рускіх нацыяналістаў, якія ваююць на баку Украіны.
Як паведамілі ў самім фармаванні, Капусцін загінуў у ноч на 27 снежня на запарожскім кірунку. Папярэдняя прычына смерці — прылёт беспілотніка падчас баявога задання.
Дзяніс Капусцін нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. Калі яму было 17 гадоў, сям'я пераехала ў Кёльн. Лічыцца, што рэпатрыяцыя Капусціных адбывалася праз габрэйскае паходжанне.
Дзяніс быў фанатам маскоўскага ЦСКА, ультраправым актывістам, займаўся спартыўнымі адзінаборствамі. Паліцыя зямлі Паўночы Рэйн-Вестфалія лічыла яго адным з самых уплывовых неанацысцкіх актывістаў, сам ён у дарослым узросце адмаўляў неанацысцкія погляды.
Падтрымаў Майдан, з 2017 года жыў ва Украіне.
У 2019 Германія пазбавіла Капусціна дазволу на жыхарства і забараніла яму ўезд у Шэнген.
У 2022 годзе заснаваў ва Украіне Рускі добраахвотніцкі корпус.
У Расіі завочна прысуджаны да пажыццёвага зняволення.