«Сітуацыя як на акупаваных тэрыторыях Украіны». Павел Баркоўскі — пра стан беларускай культуры
Што адбывалася з беларускай культурай у 2025 годзе — як у краіне, так і за яе межамі? На якія яе здабыткі — фестывалі, кнігі, праекты — варта звярнуць увагу? Чаму захаванне і развіццё культуры сёння — не забава, а пытанне нацыянальнай бяспекі? І што кожны з нас можа рабіць штодня, каб падтрымліваць нашую культуру нават у тых няпростых умовах, у якіх яна цяпер? Пра ўсё гэта — вялікая гутарка «Белсата» з кіраўніком прадстаўніцтва ў нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету Паўлам Баркоўскім.
Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Варшава, Польшча. 22 лістапада 2025 года. Фота: Белсат
Вялізная рассінхранізацыя
— Спадар Павел, як вы агулам можаце ацаніць стан беларускай культуры на канец 2025 года?
— Найперш мушу адзначыць, што мы назіраем вялізную рассінхранізацыю паміж тым, што адбываецца ў культуры ўнутры Беларусі і за яе межамі. Не навіна, што ў выніку працяглых рэпрэсіяў значная частка дзеячаў культуры, асабліва ў жанрах мастацтва, звязаных з публічным прадстаўленнем, былі вымушаныя з’ехаць і ствараць свае прадукты за мяжой.
Хоць, натуральна, часткова гэты прадукт спажываецца і людзьмі ўнутры Беларусі, асабліва калі гаворка ідзе пра музычныя кліпы, песні, кнігі, перформансы і спектаклі, якія трапляюць у YouTube ці на іншыя платформы. На некаторыя падзеі беларусы ў краіне ўсё яшчэ маюць магчымасць выязджаць за мяжу.
Дамінаванне расейскага
— Ці ёсць на сённяшні дзень беларускае культурнае жыццё ўнутры Беларусі?
— У Беларусі захоўваецца пэўная пісьменніцкая актыўнасць, выдаюцца некаторыя кнігі. Асабліва шмат сярод іх перакладаў сусветнай класікі на беларускую мову. Пераважна гэта дзіцячая літаратура.
Пры гэтым у Беларусі практычна цалкам зніклі музычныя падзеі, дзе маглі выступаць прадстаўнікі сучаснай беларускай музычнай культуры. Не тыя, што фармуюць праўладную эстраду і выконваюць так званыя патрыятычныя песні, а музыкі, што стваралі незалежную беларускую культуру, асабліва на беларускай мове. Такіх фарматаў засталося няшмат, і яны пераважна вельмі рэгіянальныя. Калі штосьці адбываецца, то для вельмі вузкай аўдыторыі ці ў фармаце кватэрнікаў — прыблізна як гэта было ў савецкі час.
Мы бачым дамінаванне расейскіх музычных калектываў, якія ствараюць асноўную афішу мерапрыемстваў унутры Беларусі.
Тое самае з тэатральным мастацтвам. На сённяшні дзень засталося тры тэатры на ўсю Беларусь, дзе рэпертуар цалкам на беларускай мове — пераважна рэгіянальныя. Усе астатнія, у тым ліку былы Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы, перайшлі цалкам ці часткова на расейскамоўны рэпертуар. Там цяпер працуе шмат расейскіх актораў, прымаюцца гастролі расейскіх тэатраў.
Тэатральныя праекты, якія не праходзяць цэнзуру, калі і ажыццяўляюцца, то ў фармаце чытак ці вельмі камерных прагонаў для вузкай аўдыторыі.
Прадстаўнік у справе нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Баркоўскі. Варшава, Польшча. 5 сакавіка 2025 года. Фота: Белсат
Кінавытворчасць, як і раней — пераважна расейскамоўны дубляж. Сусветныя прэм’еры перакладаюцца на расейскую і паказваюцца часам паводле ліцэнзіі, часам увогуле без яе. Шмат транслюецца расейскага кінапрадукту.
Прадукцыя «Беларусьфільму», якую можна назваць ідэалагічнай кінавытворчасцю, вырабляецца пераважна па-расейску і нясе ідэалагічна зараджаны пасыл, які не выклікае асаблівага захаплення ў масавай аўдыторыі. Але праз адміністратыўны рэсурс залы кінатэатраў напаўняюцца прадстаўнікамі бюджэтных арганізацыяў, каб яны стваралі касу і паказвалі нібыта запатрабаванасць гэтых прадуктаў.
Незалежныя кінавытворцы шукаюць магчымасці міжнароднага падтрымання, і магчыма гэта цяпер пераважна за мяжой. І яны робяць якасны прадукт, нягледзячы на адсутнасць дзяржаўных бюджэтаў. Так, на апошнім «Берлінале» быў паказаны фільм «Лебядзіная песня Фёдара Озерава».
У той жа час на фестывалі «Лістапад» у Менску большасць стужак былі расейскія, якія дамінавалі нават над беларускімі. Міжнародная прысутнасць там была проста мізэрная. А прадукцыя «Беларусьфільму» на прэстыжныя міжнародныя пляцоўкі ўвогуле не выходзіць і не трапляе.
Калі закрануць сферу візуальных мастацтваў, жывапісу, то ў Беларусі вельмі скараціліся магчымасці для творцаў ладзіць нейкія незалежныя мастацкія выставы. Тыя, што ладзяцца, звычайна праходзяць жорсткую падвойную цэнзуру. Спачатку саміх аўтараў, а потым альбо тых пляцовак, дзе праходзяць гэтыя выставы, альбо профільных арганізацыяў, накшталт Саюзу мастакоў Беларусі, якія імкнуцца прыбраць усё, што можа быць палічана неадназначным і трактавацца як нейкая «экстрэмісцкая» дзейнасць.
Кнігі, выдадзеныя ў 2025 годзе на беларускай мове ці перакладзеныя на беларускую мову. Скрыншот: oz.by
Такім чынам, можна сказаць, што ў краіне сёння вельмі несуцяшальная сітуацыя з нацыянальнай культурай. Нават з традыцыйнымі формамі фальклору, этнаграфічнымі мерапрыемствамі ўзнікаюць праблемы. Прарэжымныя прапагандысты абураюцца святкаваннем паганскіх святаў, кшталту Купалля ці Дзядоў, кажуць, што такое трэба забараніць.
Часам забараняюць цэлыя рэканструктарскія клубы, як «Барысфер», які быў абвешчаны «экстрэмісцкім» фармаваннем.
Культурніцкая вайна
— Карціна, якую вы прэзентавалі, сапраўды вельмі сумная. Складваецца ўражанне, што беларусы ўнутры краіны неўзабаве рызыкуюць застацца ўвогуле без уласнай культуры. Як гэтаму супрацьстаяць?
— Гэта адна з тэмаў, якую мы імкнемся ўздымаць на ўсіх міжнародных пляцоўках, калі гаворка ідзе пра падтрыманне Беларусі, — што нашая краіна рызыкуе застацца без сваёй культуры. Фактычна сёння мы назіраем сітуацыю, не вельмі адрозную ад таго, што робіць Расея на акупаваных тэрыторыях Украіны. Гэта палітыка фактычна сцірання нацыянальнага культурнага коду.
Нават традыцыйныя народныя элементы культуры дыскрымінуюцца, і гэта выглядае як самаакупацыя, самакаланізацыя, якую свядома праводзіць рэжым. Фактычна ўсё беларускае маркіраванае цяпер як сумнеўнае, як тое, што варта пакідаць пад цэнзурай і строгім наглядам, і ў гэтым сэнсе паводзіны Лукашэнкі не вельмі адрозніваюцца ад акупацыйнай улады на акупаваных тэрыторыях Украіны, толькі што пакуль яшчэ беларуская мова і гісторыя Беларусі не адмененыя ў школьнай адукацыі.
Нашая палітычная задача — рабіць так, каб еўрапейскія, міжнародныя партнёры разумелі, што пытанне культуры — гэта не пра забаўкі, гэта пытанне рэгіянальнай бяспекі. Бо калі адбываецца свядомае і маштабнае сціранне цэлай нацыянальнай культуры на тэрыторыі Беларусі, гэта можа пагражаць у тым ліку Еўропе тым, што Расея незаўважна пашырыцца на 600 кіламетраў на захад і расейскія жаўнеры будуць стаяць на мяжы з Польшчай і Літвой.
І ў гэтым сэнсе менавіта інвестыцыі ў падтрыманне беларускай культуры, праекты, звязаныя з беларускай ідэнтычнасцю, беларускай мовай — гэта не проста пра дабрачыннасць і падтрыманне малых народаў, а перадусім пра дапамогу ў культурніцкай вайне, якая цяпер адбываецца на тэрыторыі Беларусі.
Кніга для дзяцей «Смелая дзяўчынка», выдадзеная ў 2025 годзе. Фота: oz.by
Гэта супрацьстаянне агрэсіўнаму наступу русского міра, які фактычна пагражае знішчэннем культурнага суверэнітэту Беларусі. І калі краіны Захаду не будуць надаваць гэтаму належнай увагі, і тэма падтрымання культуры і ідэнтычнасці не будзе топавай тэмай пры арганізацыі падтрымання беларускага народу, то праз нейкі час не будзе за што змагацца. Не будзе неабходнасці змагацца за свабоду і дэмакратыю народу, які фактычна перастане сябе адрозніваць ад расейскага.
«У нас не ўнікальны досвед»
— Але падтрымка, нават калі яна будзе, хутчэй за ўсё будзе накіраваная на праекты, якія ажыццяўляюцца за мяжой, які гэта і адбываецца на працягу апошніх пяці гадоў. Як вы бачыце, ці ўдаецца такім чынам спрыяць захаванню культуры і ўнутры Беларусі?
— У нас, дарэчы, не ўнікальны досвед. Напрыклад, украінская культура ў ХІХ стагоддзі шмат у чым трымалася коштам таго, што была магчымасць у частцы Львоўшчыны, што была пад аўстрыйскім уладараннем, выдаваць украінскія кнігі, ладзіць украінскія спектаклі, то бок, падтрымліваць ачаг украінскай культуры хаця б у такім рэдукаваным выглядзе. Пасля гэта выстраліла з наступнымі пакаленнямі, распаўсюдзілася па тэрыторыі Украіны.
У нашай сітуацыі натуральна, што большую частку падтрымання, якое можа гарантаваць Еўропа, будзе ісці на культурніцкія арганізацыі за мяжой, бо яны маюць лепшыя ўмовы для стварэння культурных прадуктаў. Але гэтыя культурныя прадукты не толькі для дыяспары і людзей у эміграцыі. Імі можна карыстацца ўнутры Беларусі. Напрыклад, кнігі існуюць не толькі ў папяровым, але і ў электронным варыянце, і нішто не замінае браць і чытаць іх. Калі выходзіць новы музычны кліп, нішто не замінае глядзець яго, седзячы ў сябе ўдома. Такім чынам культура працягвае ўплываць на беларусаў праз інтэрнэт.
«Калі б было кепска з культурай, мы б ні фестываль не змаглі правесці, ні прэмію ўручыць»
— Якія культурніцкія падзеі за гэты год — адну ці некалькі — вы маглі б вылучыць як самыя важныя?
— Я б адзначыў, што найперш важна, што ў нас працягваюць існаваць пункты зборкі беларускай культуры, у якіх адбываецца трансляцыя гэтай культуры на шырокія пласты насельніцтва. Я маю на ўвазе тое, што працягваюць адбывацца фестывалі беларускай культуры, так, за мяжой, але яны часта транслююцца ў інтэрнэце і такім чынам дасягаюць беларусаў унутры краіны.
Рэжысёр Юрый Сямашка на прэм’еры свайго фільму «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» ў кінатэатры Kinoteka. Варшава, Польшча. 6 лістапада 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Акрамя таго, прэміі — у літаратуры, музыцы, кінавытворчасці, якія падтрымліваюць узровень якасці і паказваюць, на што варта звярнуць увагу.
Гэта ўсё сведчыць, што ў нас дастаткова насычаны культурны працэс. Калі б у нас было вельмі кепска з культурай, мы б і не змаглі ані фестываль правесці, ані прэмію ўручыць, таму што няма каму, няма за што.
Калі казаць канкрэтна, то з фестываляў варта ўзгадаць кінафестывалі «Паўночнае ззянне», Bulbamovie, які паміраў, але так і не памёр, а перарадзіўся ў іншы фармат, «Тутака» — фестываль абуджаных на Падляшшы, музычны фестываль «Грай» у Варшаве, літаратурны фестываль «Прадмова», які адбыўся ў чатырох гарадах.
Сёлета шмат кніг беларускіх аўтараў перакладаліся на замежныя мовы. Напрыклад, кніга Святланы Курс (Евы Вежнавец) «Па што ідзеш, воўча?» была перакладзеная на некалькі еўрапейскіх моваў, уключаючы дацкую. Кнігі Альгерда Бахарэвіча актыўна перакладаюцца на нямецкую і англійскую мовы.
Кнігі Сашы Філіпенкі атрымліваюць папулярнасць дзякуючы таму, што іх абвяшчаюць «экстрэмісцкімі» і гэта прыцягвае грамадскую ўвагу. Гэта своеасаблівы знак якасці. «Экстрэмісцкая» — значыць добрая, трэба браць.
Хачу адзначыць таксама праекты, якія мы сёлета падтрымлівалі: Інстытут публічнай гісторыі, Інстытут беларускай мовы, Даследчы інстытут імя Валовіча.
У лістападзе мы ладзілі месячнік вяртання да сапраўднай гісторыі. Гэта была акцыя, прысвечаная стварэнню падборкі матэрыялаў пераважна ў публічным доступе для камунікацыі паміж бацькамі і дзецьмі, каб дзеці атрымлівалі нейкую неідэалагізаваную версію гісторыі праз кнігі, фільмы, аўдыёбукі.
Чым займалася Прадстаўніцтва ў нацыянальным адраджэнні
— А якія вынікі працы сёлета ў Прадстаўніцтва ў нацыянальным адраджэнні, якое вы ачольваеце?
— У рамках нашай стратэгіі сёлета мы ўдзельнічалі ў працы стварэння дарожных мапаў для Еўрапейскай камісіі падтрымання грамадзянскай супольнасці ў галіне культуры, адукацыі. У выніку тыя 30 мільёнаў еўраў, якія былі вылучаныя на падтрыманне беларусаў, пойдуць таксама і на патрэбы культуры.
Мастачка Ксіша Ангелава, якая напісала больш за тысячу партрэтаў беларускіх палітвязняў. Варшава, Польшча. 30 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
Мы часта займаліся камунікацыяй і падтрыманнем розных беларускіх арганізацыяў на тэрыторыі Еўразвязу, Украіны. Калі быў кейс забароны беларускай мовы як працоўнай на лінгвістычнай канферэнцыі ў Кіеве ў лютым 2025 года, пасля нашай інтэрвенцыі, калі мы напісалі тлумачальныя лісты ў Міністэрства адукацыі і Акадэмію навук Украіны, рашэнне было змененае, беларускую мову вярнулі.
Мы пісалі лісты падтрымкі, калі была пагроза спынення працы беларускай рэдакцыі Радыё Свабода альбо беларускамоўнага вяшчання Латвійскага радыё.
Цяпер мы займаемся распрацоўкаю новага нацыянальнага календара на 2026 год — у ім будуць даты, якія мы лічым важным адзначаць. На пачатку года мы яго прэзентуем у Музеі Вольнай Беларусі.
У нас ёсць вельмі моцны трэк, звязаны з палітыкай чатырох «д» — дэкамунізацыі, дэкаланізацыі, дэімпералізацыі, дэідэалагізацыі. На жаль, мы пад вялікім уплывам з боку Расеі, яе імперскай спадчыны, каланіяльнай палітыкі, і спадчыны Савецкага Саюзу, якая так і не была адрэфлексаваная. З гэтай нагоды мы ладзім тэматычныя мерапрыемствы, стараемся падтрымліваць градус грамадскай дыскусіі і ў медыйным полі акцэнтуем неабходнасць правядзення гэтых працэсаў.
Мы ўключаліся ў правядзенне некаторых акцыяў — святкаванне Дня Волі ў Варшаве, на 9 жніўня.
Пісьменніца Югася Каляда атрымлівае ўзнагароду за другое месца падчас цырымоніі абвяшчэння пераможцаў прэміі Гедройця ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці. Гданьск, Польшча. 15 лістапада 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Адным з удалых праектаў 2025 года можна лічыць конкурс «10 стыпендыяў адраджэння» для таленавітых творцаў і даследчыкаў, што апякуюцца тэмамі нацыянальнай ідэнтычнасці, які мы правялі.
Што можа зрабіць кожны, каб захаваць сваю культуру?
— А што хочаце зрабіць налета?
— Будзем працягваць праект са стварэннем базы дадзеных беларускіх арганізацыяў, якія могуць прэтэндаваць на падатковыя выплаты 1,5 ці 1,2 % у Польшчы і Літве. Гэта спрыяе альтэрнатыўнаму каналу фінансавання беларускіх арганізацыяў за мяжой.
Таксама будзем далей падтрымліваць сетку беларускіх школаў выходнага дня, каб дзеці маглі вывучаць беларускую мову, культуру, гісторыю, — тое, чаго яны не атрымаюць у звычайных школах за мяжой.
У нас вялікія планы на дзейнасць у галіне аховы культурнай спадчыны і стварэнне лічбавых архіваў. Таксама ёсць жаданне ўзмацніць адукацыйны кірунак, правесці супольную вялікую канферэнцыю ў сферы адукацыі, сабраць адукатараў і з імі разам прагаварыць тое, як быць далей з гэтай сферай, што мы можам рабіць ужо сёння, каб прыйсці да жаданых вынікаў у будучыні.
Упрыгожванні з саломы, якія прадаваліся падчас 3‑га Беларускага поп-апу. Варшава, Польшча. 21 снежня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
— На ваш погляд, што можа ўжо сёння зрабіць кожны беларус, каб захаваць сваю культуру?
— Гэта элементарныя рэчы, але яны цяжкія, бо патрабуюць ад нас высілкаў. Гэта прыблізна як тое, што кожны разумее, што штодзённыя прабежкі добра ўплываюць на нашае здароўе, але не ўсім удаецца гэта рабіць штодня. Так і з беларускай культурай. Але прынамсі можна:
• у сям’і больш размаўляць па-беларуску;
• больш купляць кніг беларускіх аўтараў, асабліва тых, што пішуць па-беларуску, каб лепш ведаць беларускую літаратуру і сучасную кніжную культуру;
• у свае плэйлісты ўключаць больш кампазіцыяў беларускіх гуртоў і такім чынам падтрымліваць іх коштам большай колькасці праглядаў ці праслухоўванняў праз YouTube ці Spotify;
• больш увагі надаваць вывучэнню нацыянальнай гісторыі, размаўляць пра яе з дзецьмі;
• адзначаць беларускія святы і больш увагі звяртаць на нацыянальныя традыцыі: Купалле, Дзяды, іншыя святы;
• агулам захоўваць разуменне сваёй ідэнтычнасці, спажываць больш беларускага — гэта нас падтрымлівае як нацыю.