Расійскага дыпламата, які раней працаваў у пасольстве ЗША і быў завербаваны, асудзілі на 12 гадоў за здраду дзяржаве
Пасля звальнення з МЗС дыпламат Арсеній Канавалаў працаваў у «Раскосмасе».
Арсеній Канавалаў. Фота: «Агенцтва»
Маскоўскі гарадскі суд прысудзіў да 12 гадоў калоніі строгага рэжыму 42‑гадовага былога супрацоўніка МЗС Расіі Арсенія Канавалава, паведамілі ў Цэнтры грамадскіх сувязяў ФСБ.
Паводле даных сілавікоў, Канавалаў падчас доўгатэрміновай камандзіроўкі ў ЗША «за грашовае ўзнагароджанне ініцыятыўна перадаў амерыканскай разведцы сакрэтныя звесткі, якія сталі вядомыя яму па службе».
Пасля звальнення з МЗС былы дыпламат працаваў у «Раскосмасе».
Паводле інфармацыі расійскіх СМІ, Канавалава затрымала ФСБ 28 сакавіка 2024 года. Расійскія спецслужбы даведаліся пра яго дзякуючы сваім агентам у разведсупольнасці ЗША.
Паведамлялася, што Канавалаў быў завербаваны ЦРУ падчас працы другім сакратаром консульства Расіі ў Х'юстане (Тэхас) з 2014 па 2017 гады.
Пасля навіны аб прысудзе ФСБ апублікавала відэа затрымання Канавалава ў салоне мікрааўтобуса. На гэтых кадрах у мужчыны сілавікі пытаюцца, ці ведае ён, што адбылося, ён адказвае «не».