БЕЛ Ł РУС

Фудкорт, майстар-класы, паравоз. У «Новай Баравой» стартаваў зімовы кірмаш ФОТА

26.12.2025 / 22:21

Nashaniva.com

У «Новай Баравой» стартаваў двухтыднёвы калядны кірмаш. Цэнтральную плошчу на вуліцы Міхаіла Міля, 4, цяпер займаюць фудкорт і чароўная пошта, а ў вулічнай майстэрні ствараюць святочныя вырабы. Навагоднія актыўнасці працягнуцца да 7 студзеня, піша Onliner.

Сярод асноўных падзей кірмашу — бясплатныя майстар-класы на цэнтральнай плошчы. Іх удзельнікі складалі карты жаданняў, рабілі навагоднія бірулькі, упрыгожвалі цацкі на ялінку. Усё, што зроблена сваімі рукамі, можна было забраць дадому. Майстар-класы паўторацца 27 і 28 снежня, а таксама 7 студзеня.

Побач адкрылася чароўная пошта з паштоўкамі. Калі картку запоўніць асабістым пажаданнем, пазначыць атрымальніка і пакласці ў скрыню, то арганізатары адправяць яе на любы адрас.

Вялікім попытам карыстаўся дзіцячы цягнік «Палярны экспрэс» з экскурсіяй па цэнтральным парку. Дзеці ахвотна займалі месцы як у пасажырскім вагончыку, так і ў адкрытай стылізаванай ваганетцы. На выхадных дзяцей у «Новай Баравой» наведае Дзед Мароз з мядзведзем: дзеці змогуць расказаць вершыкі і патанчыць у карагодзе.

Знайшлося месца і для ялінкавага базару.

На плошчы разгарнуўся фудкорт з вулічнай ежай. У Bulba Frites гатуюць бульбу па-бельгійску з рознымі соусамі і гарачымі закускамі, у Unicorn — аўтарскія ражкі з мяснымі начынкамі, а ў Zona51 — бургеры і піцы ў форме лятучых талерак. У Wow Waffles выпякаюць бельгійскія і ганконгскія вафлі з начыннем, а ў Food Festival смажаць блінцы. «Шалёны Кныр» зрабіў стаўку на мясныя стравы, «Трдэльнік» вабіць трубачкамі з пахам карыцы, а ў Churreria Comida Mexicana можна ўзяць тартылью, така або начос.

Тут жа працуе і зона бясплатнай упакоўкі сваіх падарункаў у абмен на заалагічныя тавары. Апошнія перададуць для бадзяжных жывёл. Да канца снежня пункт працуе з 17:00 да 21:00, 31 снежня — з 17:00 да 19:00, а 6 і 7 студзеня — з 17:00 да 21:00.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула