БЕЛ Ł РУС

«Гэта і ёсць твая радзіма». 13 правіл жыцця ў эміграцыі ад Юліі Чарняўскай

26.12.2025 / 21:13

Nashaniva.com

Юлія Чарняўская падзялілася ў фэйсбуку асабістымі назіраннямі аб тым, як не страціць сябе на чужыне і ператварыць эміграцыю ў напоўненае жыццё. Гэта варта прачытаць кожнаму, хто апынуўся далёка ад дому.

Жыццё на чужыне. Мае назіранні, правілы і спробы іх выконваць.

  1. У любым, самым маленькім, самым стандартным жыллі абсталюй сабе куток утульнасці. Няхай гэта будзе крэсла або канапа з прывезеным з дому старым пледам. Або некалькі фатаграфій на сцяне. Або настольная лямпа жоўтага святла. Або паліца з кнігамі і любімай пусцяковінай. Або проста цацка, на якую ты глядзіш. Няхай гэта будзе выспа твайго спакою родам з мінулага. Эміграцыя — гэта прынцыповы мінімалізм, уніфікацыя, усё функцыянальна, дык вось, няхай будзе нешта нефункцыянальнае і роднае.

  2. Карыстайся тым, што дадзена і радуе. Таннымі лоўкостамі, каляднымі кірмашамі, бясплатнымі мерапрыемствамі: іх процьма, пачынаючы з летніх джазавых канцэртаў на плошчы і вулічных тэатраў, заканчваючы бясплатнымі музейнымі днямі.

  3. Вучы мову. Не саромейся гаварыць на ёй, няхай ламанай, але не саромейся. (Я саромеюся, але гэта памылка. Таму ўсё адно гавару з кожным, хто гаворыць са мною). Разумею, што ты напружаны і насцярожаны, але жыць у напружанні і насцярожанасці нельга. Small talk з тымі суседзямі, якія да гэтага адкрытыя — неабходны мінімум. Тут дапамагае сабака. Дарэчы, радуйся, што з сабакам можна ў краму, у кавярню, на пошту і аптэку.

  4. Шукай і знаходзь улюбёныя месцы ў горадзе. Гэта будзе пашырэнне выспы спакою вонкі. Для мяне гэта варшаўскія паркі. Так паступова спакойнае прыняцце ахопіць увесь горад.

  5. Займайся тым, чым звык дома. Аб’ядноўвай мінулае і новае. Не кідай спорт. Чытай кніжкі на новай мове. Хадзі на канцэрты. Заўсёды можна знайсці месцы з таннымі квіткамі. Тым самым ты застаешся ў звыклым інтэлектуальным свеце — і адначасова ў свеце чужым.

  6. Калі ты вымушаны працаваць на фізічнай працы, выкарыстоўвай сваю прафесію хаця б як хобі. Ведаю людзей, якія пасля цяжкай працы рэпетуюць п’есу — і ў гэты час жывуць поўным, насычаным жыццём. Пра мастакоў і паэтаў ужо не кажу. Не страчвай прафесіі — яна табе яшчэ спатрэбіцца.

  7. Не саромейся свайго эмігранцкага статусу. Уцекачамі былі не толькі Эйнштэйн і Шагал, але і Марыя з Язэпам.

  8. Ствары цёплае кола сваіх побач — тых, каго можна спантанна паклікаць на пірагі з гарбатай. Жыві «пашыранай сям’ёй»: сяброўства тут значна шчыльнейшае і цяплейшае, чым дома. Любі гэтых людзей усім сэрцам. Гэта твая радзіма.

  9. Дапамагай тым, хто апынуўся тут нядаўна і разгублены: дапамагаць — гэта адно з асноўных чалавечых памкненняў. Не душы яго ў сабе — шмат страціш.

  10. Калі ты ў сілах падарожнічаць — падарожнічай абавязкова. Не адкладай на потым. Свабода перамяшчэння — адная з галоўных свабод чалавека. А лоўкосты і танныя хостэлы ніхто, на шчасце, не скасаваў.

  11. Не лай новую краіну — нават унутры сябе. Ведаю людзей, якія сваё жыццё пабудавалі на антыпатыі да Польшчы і палякаў. З супадзення ці не, гэта вельмі нешчаслівыя людзі, нават калі параўнальна паспяховыя.

  12. Дадай да сваіх і тутэйшыя святы і радуйся ім. Усе гэтыя калядныя зоркі, свечкі адвэнту, велікодныя зайчыкі, працэсіі Божага цела… Няхай ты і не каталік. Гарбузы — няхай ты і не язычнік. (Для мяне гэта яшчэ і прайды — так я падтрымліваю сяброў). І так, ялінка, абавязкова ялінка!

  13. Клапаціся пра сваё, беларускае, у самых розных сферах. У цябе з’явілася не толькі ідэнтычнасць уцекача. У цябе павінна вырасці ідэнтычнасць чальца дыяспары. Гэта важная функцыя. І пры гэтым не ўдзельнічай у звадах дыяспары: яны ад пустаты, а тваё жыццё павінна быць максімальна поўным. Зычу табе (і сабе) гэтага ў новым годзе!

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула