«Гэта рызыкоўна для Беларусі». Зяленскі заявіў, што Расія размяшчае абсталяванне для навядзення шахедаў на дахах беларускіх шматпавярховікаў
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў пасяджэнне Стаўкі, цалкам прысвечанае пытанням дронаў. Па выніках сустрэчы ён выступіў з рэзкай заявай у бок афіцыйнага Мінска.
«Перш за ўсё фіксуем, што расіяне спрабуюць абыходзіць нашы ахоўныя пазіцыі перахопнікаў праз тэрыторыю суседняй Беларусі. Гэта рызыкоўна для Беларусі. Мы бачым крокі з «Арэшнікам», цяпер — з дапамогай шахедаў. Шкада, што Беларусь здае свой суверэнітэт на карысць расійскіх агрэсіўных амбіцый», — сказаў Зяленскі.
Паводле ягоных слоў, са звестак украінскай выведкі, абсталяванне, што выкарыстоўваецца ва ўдарах супраць Украіны, у населеных пунктах Беларусі побач з мяжой размяшчаецца ў тым ліку на жылых дамах.
«Фактычна на дахах звычайных 5‑павярховікаў размешчаны антэны і іншае абсталяванне, якое дапамагае наводзіць шахеды на аб’екты ў нашых заходніх рэгіёнах. Гэта абсалютная абясцэньванне чалавечага жыцця, і важна, каб у Мінску перасталі з гэтым гуляць. Праінфармуем партнёраў і будзем рыхтаваць супольныя адказы», — сказаў ён.
Сёння Зяленскі ўжо заяўляў, што Расія абыходзіць межы ўкраінскай СПА дзякуючы Беларусі. Ён дадаў, што Украіна адкажа на гэта.