Расія КАБамі атакавала адну з галоўных дарог Харкава. Загінулі два чалавекі
Сёння, 26 снежня, расійскія войскі нанеслі авіяўдар па Харкаве, выкарыстаўшы тры кіраваныя бомбы. Адна з іх трапіла непасрэдна на праезную частку ў Шаўчэнкаўскім раёне — адной з самых залюдненых магістраляў горада. Астатнія дзве бомбы ўпалі за межамі Харкава.
На гэты момант вядома пра двух загінулых мужчын. Яшчэ восем чалавек паранены. Сярод параненых — дзевяцімесячная дзяўчынка, якая атрымала траўмы лба ад асколкаў шкла. Яе разам з маці шпіталізавалі для абследавання.
Некалькі машын загарэліся адразу пасля выбуху, людзі ў іх апынуліся ў пастцы. Выбуховай хваляй пашкоджана каля 20 жылых будынкаў, у чатырох з іх сур'ёзна разбураны дахі. Перабіты газаправод і пашкоджана кантактная сетка трамвая.
Кіраўнік абласной пракуратуры Аміль Амараў паведаміў, што расіяне выкарыстоўвалі мадыфікаваныя бомбы УМПБ-5, запушчаныя з Белгародскай вобласці. Гэты тып боепрыпасаў дазваляе біць на вялікія адлегласці.
Камунальныя службы горада плануюць працаваць усю ноч, каб закрыць разбітыя вокны і аднавіць ацяпленне ў пашкоджаных дамах, паколькі ў Харкаве зараз стаіць халоднае надвор'е. Мэр горада Ігар Церахаў падкрэсліў, што галоўная задача — не пакінуць людзей без цяпла.