БЕЛ Ł РУС

Крэмль паведаміў пра тэлефонны кантакт з Вашынгтонам пасля даклада спецпасланніка Пуціна Дзмітрыева

26.12.2025 / 15:31

Nashaniva.com

«Дамовіліся працягваць дыялог».

Дзмітрый Пяскоў і Уладзімір Пуцін. Фота: Contributor / Getty Images

Па даручэнні прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна «адбыўся кантакт паміж прадстаўнікамі адміністрацыі Расіі і Злучаных Штатаў», паведаміў журналістам прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў, піша Бі-бі-сі.

«Быў такі тэлефонны кантакт. Дамовіліся працягваць дыялог»,— сказаў Пяскоў. Паводле яго слоў, з расійскага боку ў размове ўдзельнічаў памочнік прэзідэнта Юрый Ушакоў, а з амерыканскага — «было некалькі суразмоўцаў».

Пуцін даручыў Ушакову звязацца з Вашынгтонам пасля дакладу свайго спецыяльнага прадстаўніка Кірыла Дзмітрыева, які ў мінулыя выходныя сустракаўся з амерыканскай дэлегацыяй у Фларыдзе і абмяркоўваў амерыканскі план спынення вайны ва Украіне.

У сераду, 24 снежня, Пяскоў казаў, што Дзмітрыеў «меў магчымасць ужо паведаміць прэзідэнту пра вынікі сваёй паездкі ва ўсіх нюансах».

Цяпер прадстаўнік Крамля заявіў: «Пасля таго як Кірыл Дзмітрыеў далажыў прэзідэнту пра вынікі сваёй паездкі ў Амерыку, пра вынікі сваіх кантактаў з амерыканцамі, гэтая інфармацыя была прааналізавана, і па даручэнні прэзідэнта Пуціна адбыўся кантакт паміж прадстаўнікамі адміністрацыі Расіі і Злучаных Штатаў. Дамоўлена працягваць дыялог».

Пяскоў адмовіўся адказваць на пытанне пра сутнасць пытанняў, якія абмяркоўваліся з уладамі ЗША. Паводле яго слоў, распаўсюджванне гэтай інфармацыі можа негатыўна адбіцца на ходзе перагаворнага працэсу.

У пятніцу раніцай прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі анансаваў сустрэчу з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам «у найбліжэйшы час». Паводле даных выдання Axios, яна можа адбыцца ў нядзелю, 28 снежня, у прыватнай рэзідэнцыі Трампа ў Фларыдзе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула