Санта над Маладзечнам скарыў тыкток
Маладзечанцы мараць, каб іх горад насамрэч быў так упрыгожаны да калядных святаў.
Аўтар ролікаў пра Маладзечна пад нікам @iaygen апублікаваў у тыктоку відэа з любімым горадам, заўважыла выданне «Блізка».
Жыхары Маладзечна актыўна абмяркоўваюць новы ролік з відамі родных вуліц, залітых святлом калядных агнёў.
Над плошчай праносіцца Санта на аленях, да перона набліжаецца святочны цягнік, упрыгожаны сотнямі лямпачак, утульныя вулачкі ахутаныя снегам і аздобленыя тысячамі гірлянд.
«Што гэта, і праўда такі прыпынак і так упрыгожаны горад? Ці зноў камп’ютарная падстава?» — пытаюцца каментатары.
«Ага, і Санта з аленямі сапраўдны», — адказваюць ім. «І снег», — дадаюць скептыкі.
Толькі аптымісты не здаюцца, адзначаючы, што нават без эфектных упрыгажэнняў і яркай падсветкі іх горад усё роўна найлепшы ў свеце.
Зрэшты, любыя спрэчкі разбіваюцца аб жалезабетонны аргумент: «У прыбіральню на «Фестывальным» усё роўна не пайду».
Відэашэраг суправаджаецца вядомым трэкам «Маладзечна», які складаецца ўсяго з аднаго слова. Хто не хоча напяваць яго ўвесь час, глядзіце без гуку.