Зяленскі паведаміў пра тэлефонную размову з прадстаўнікамі Трампа
«Ёсць добрыя ідэі для трывалага міру», — заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля размовы ў чацвер з прадстаўнікамі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Уладзімір Зяленскі. Фота: Офіс прэзідэнта Украіны
Зяленскі паведаміў пра тэлефонную размову са спецпрадстаўніком Сцівам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам. Да званка з украінскага боку далучыліся, у тым ліку, міністр абароны Рустэм Умераў, начальнік Генштаба УСУ Андрэй Гнатаў, кіраўнік МЗС Андрэй Сібіга ды іншыя.
«Абмеркавалі некаторыя істотныя дэталі працы. Ёсць добрыя ідэі, якія могуць спрацаваць дзеля агульнага выніку і трывалага міру. Сапраўдная бяспека, сапраўднае аднаўленне, сапраўдны мір — гэта тое, што патрэбна ўсім нам», — адзначыў украінскі прэзідэнт.
Ён дадаў, што пасля Умераў правядзе асобную размову з Уіткафам і Кушнерам: «Мы лічым, што гэта правільны падыход — не губляць ніводнага дня і ніводнай магчымасці, якая можа наблізіць вынік. Няхай сённяшняя размова стане яшчэ адным крокам да міру».
Зяленскі папрасіў амерыканскіх прадстаўнікоў перадаць Трампу і ўсёй яго сям'і віншаванні з Калядамі.